Для ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка» адбыліся вандроўныя рэкалекцыі (абноўлена) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
16.09.2016 17:21 |
З 8 па 10 верасня ўдзельнікі апостальскага руху «Маргарытка» з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мелі магчымасць здзейсніць падарожжа па святых месцах Беларусі і Літвы. У пілігрымцы прынялі ўдзел больш за 50 вернікаў з Рубяжэвіч, Вілейкі, Стоўбцаў, Смалявіч, Барысава, Налібакаў, вескі Дзераўное, Мядзела, Бабруйска і Мінска. Арганізатарам рэкалекцый, прысвечаных Юбілейнаму Году Міласэрнасці, і духоўным кіраўніком групы быў кс. Юзаф Сярпейка, вікарый вілейскай парафіі Узвышэння Cвятога Крыжа. У дарозе пілігрымы маліліся да Божай Міласэрнасці і разважалі пра сутнасць апостальскага руху «Маргарытка» — акружаць апекаю духоўных асобаў праз малітву. Распачалася пілігрымка з мядзельскага касцёла Маці Божай Шкаплернай і мядзельскай Кальварыі. Далей пілігрымы накіраваліся па маршруце Свір-Міхалішкі-Вільнюс-Тракай. «Мы перажываем надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці. Гэта асаблівы час, калі Бог прагне аднавіць у нас тое, што калісьці ўпісаў у нашыя душы, ствараючы нас з любові і для любові на свой вобраз і падабенства», — нагадаў у канферэнцыі кс. Юзаф Сярпейка. Разважаючы над прыпавесцю Езуса пра міласэрнага самараніна з Евангелля паводле Лукі, рэкалекцыяніст звярнуў увагу на тое, што «быць міласэрным па-хрысціянску — значыць бачыць Хрыста нават у самым вялікім грэшніку і любіць Яго ў гэтым патрабуючым чалавеку».
8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, айцец Арыюш Малыска, пробашч парафіі Святога апостала Барталамея, цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі пілігрымаў, якія прыбылі ў Вільнюс з Беларусі, молячыся аб патрэбных Божых ласках для іх. Святую Імшу ў Вострай Браме перад цудадзейным абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, кс. Сярпейка цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх святароў і кансэкраваных асобаў, асабліва за тых, за каго яшчэ не моляцца ў апостальскім руху «Маргарытка» і каму найбольш патрэбна малітоўная падтрымка. Пасля вячэры беларускія пілігрымы сабраліся ў альтанцы за кубкам гарбаты, дзе мелі магчымасць пазнаёміцца між сабой, падзяліцца сваімі духоўнымі ўражаннямі і сведчаннямі пра рэкалекцыі. Прысутных аб’яднала адна мэта — духоўная апека над святарамі і законнымі сёстрамі. Сярод пілігрымаў была Аксана Гарохавік, чыя дачка Марыя належыць да Кангрэгацыі Францішканак ад Хрысціянскай Пакуты і Любові. Тут жа, у альтанцы, нарадзілася прапанова арганізаваць «маргарытку», каб падтрымаць малітвай маладую дзяўчыну, якая адказала на заклік Езуса. Ахвотных маліцца знайшлося адразу сем чалавек (заўв. рэд. — столькі неабходна для адной «маргарыткі») — так узнікла новая «маргарытка».
Вернікі з Рубяжэвіч, дзе кс. Юзаф Сярпейка раней служыў вікарыем, таксама падаравалі яму «маргарытку» ад сваёй парафіі. Пазней духоўную патрэбу малітвы ў інтэнцыі святара адчулі і іншыя пілігрымы, якія таксама стварылі яшчэ дзве «маргарыткі». У Вільнюсе ўдзельнікі рэкалекцый прайшлі вуліцамі Старога горада, наведалі музей-кляштар, дзе раней жыла і малілася святая сястра Фаўстына. Вернікі мелі магчымасць памаліцца ў шматлікіх каталіцкіх святынях, атрымаць адпуст у катэдры святога Казіміра, выканаўшы ўсе адпаведныя для гэтага ўмовы.
На трэці дзень рэкалекцый кс. Юзаф цэлебраваў святую Імшу перад цудадзейным абразом Маці Божай Тракайскай, дзе вернікі супольна маліліся аб вечным супакоі для святароў і кансэкраваных асобаў, душы якіх церпяць у чыстцы. Напрыканцы падарожжа па Вільнюсе ўдзельнікі руху «Маргарытка» прайшлі Крыжовым шляхам церпячага Хрыста па віленскай Кальварыі, потым падняліся на Гару Трох Крыжоў. Вандроўныя рэкалекцыі сталі часам малітвы і новых знаёмстваў, а таксама магчымасцю для духоўнага развіцця і ўмацавання ў хрысціянскіх цнотах веры, надзеі і любові. Пілігрымы выказваюць шчырую падзяку ксяндзу Юзафу Сярпейку за арганізацыю малітоўнай вандроўкі і Мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу за благаслаўленне на правядзенне архідыяцэзіяльных рэкалекцый для апостальскага руху «Маргарытка».
|
Фотарэпартаж |