Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы за мір
20.09.2016 19:05

Мінскі архікатэдральны касцёл, 20 верасня 2016 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Апошнія тры дні вочы ўсяго свету скіраваны ў напрамку італьянскага горада Асізі. У горадзе св. Францішка ў гэтыя дні 18-20 верасня адбываецца Сусветны дзень малітваў за мір на тэму “Рэлігіі і культуры ў дыялогу. Прагненне міру”.

Асізскія малітоўныя форумы ў інтэнцыі міру маюць сваю багатую гісторыю. Упершыню па ініцыятыве св. Яна Паўла II такая сустрэча мела месца ў 1986 г. З таго часу яны адбываюцца кожны год, часам з удзелам Пантыфіка. Так у 2011 г. на сустрэчы ў Асізі прысутнічаў Папа Бэнэдыкт XVI. У гэтым годзе ў ёй прымае ўдзел Папа Францішак. Сёлета на асізскі форум прыбыла 470 кіраўнікоў розных рэлігій, культур і палітыкаў. Каля 12 тысяч людзей прымае ўдзел у дыскусіях, дакладах і малітвах. Сапраўды – гэта сусветны форум змагароў за мір.

2. Папа Францішак вельмі моцна занепакоены сітуацыяй ў сучасным свеце, дзе, паводле яго слоў, ужо ідзе гібрыдная вайна і дзе амаль што кожны дзень адбываюцца тэрарыстычныя акты, а хваля бежанцаў з Сірыі і іншых краін Афрыкі і Азіі запаланіла Еўропу. Менавіта таму ён заклікаў сусветных рэлігійных лідараў правесці новую малітоўную сустрэчу ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, каб сенсібілізаваць свет на неадкладную справу захавання міру, які яму вельмі патрэбны.

3. У сваёй прамове падчас Апошняй Вячэры Езус сказаў, што, адыходзячы з гэтага свету, пакідае ў ім свой супакой. Звычайна, калі нехта сыходзіць з працы ці пераязджае на іншае месца, яму даюць падарунак. У выпадку Езуса ўсё наадварот. Не Ён атрымлівае падарунак, але сам дае яго нам, і гэтым падарункам з’яўляецца мір.

Сапраўды, Езус з’яўляецца Каралём супакою. Ужо падчас Яго нараджэння анёльскія хоры спявалі: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі”. Абвяшчаючы Евангелле, Ён пастаянна нагадваў аб міры. Прасіў не баяцца, а даверыцца Яму. Благаслаўлёнымі называў міратворцаў. Пасля свайго Уваскрасення Езус прывітаў сабраных у Вячэрніку апосталаў словамі: “Мір вам”.

4. Ужо тысячагоддзі свет пастаянна паўтарае словы: “Мір, мір, мір”. Кожны год адбываецца вялікая колькасць прысвечаных міру канферэнцый, розных акцый і да т.п. А міру як не было, так і няма. У чым справа?

Свет, асабліва бяздухоўны, не можа гарантаваць міру, бо мір – гэта не толькі адсутнасць ваенных дзеянняў, гвалту, тэрарыстычных актаў і г.д. Гэта найперш мір у нашых сэрцах. Калі мы хочам супакою ў свеце, то не можам затрымліваць духоўнага дыхання, бо, прымаючы пад увагу сапсаваную першародным грахом чалавечую прыроду і вынікаючую з гэтага схільнасць да зла, такое становішча не мае ніякай перспектывы.

Міру не могуць гарантаваць іншыя людзі. Як часта наш супакой залежыць ад дзеянняў, думак і слоў іншых людзей, ад таго, што яны думаюць або гавораць пра нас. А гэтыя думкі, словы і дзеянні не заўсёды міратворчыя.

Нават мы самі для сябе не можам быць гарантам міру, бо ведаем, што такое дабро, а ў той жа час чынім зло.

5. Так ёсць таму, што мір – гэта не вынік чыста чалавечых змаганняў, але Божы дар. А калі мір – гэта Божы дар, то мір у свеце – гэта наша адказнасць, і яна будзе паспяхова выканана, калі ў справе міру мы будзем разлічваць не на свае слабыя сілы, але на Бога.

Трэба памятаць аб тым, што міру нельга дасягнуць выключна чыста чалавечымі гуманітарнымі дзеяннямі ў гарызантальнай плоскасці без Божай дапамогі. Патрэбна вертыкальная, гэта азначае патрэбна Божая дапамога. Езус выразна кажа, што без Яго нічога нельга дасягнуць. Калі мы выракаемся Езусавай прапановы міру, то не знойдзем яго ў свеце. Адзіная наша надзея на мір знаходзіцца ў міры з Богам.

Быць хрысціянінам азначае быць паслядоўнікам Хрыста, а не проста дабрадзеем, філантропам. Існуе вялікая розніца паміж дабрадзеем і хрысціянінам. Хрысціянін з’яўляецца такім дабрадзеем, які цесна злучаны  з Езусам, дзякуючы чаму прыклад яго жыцця перадаецца іншым.

Таму, змагаючыся за мір на зямлі, нам найперш неабходна думаць аб міры ў нашых сэрцах. А ён будзе тады, калі мы будзем жыць у міры з Богам, гэта азначае паводле Яго закону. Толькі тады мы станем сапраўднымі прыладамі міру.

6. Мір у гэтым свеце – гэта наша адказнасць. Каб яе паспяхова выканаць і быць праваднікамі міру на зямлі, неабходна выкарыстоўваць Божы мір. Мы гэта можам зрабіць, дзелячыся Хрыстовым супакоем з іншымі. Чым больш людзей дзеліцца супакоем Хрыста, тым большы патэнцыял міру ў свеце.

Далей, нельга забываць аб тым, што, калі мы хочам міру ў свеце, то неабходна памятаць аб сацыяльнай справядлівасці. Войны і іншыя канфлікты ўзнікаюць найперш з-за існуючай у свеце несправядлівасці.

Толькі будучы ў еднасці з Богам, захоўваючы Яго супакой у нашых сэрцах і падтрымліваючы ідэі сацыяльнай справядлівасці, мы разам можам уратаваць нашу планету ад паглынання, бо інакш загінем у яго полымі.

Усе сусветныя рэлігіі і людзі добрай волі імкнуцца да захавання пастаяннага міру ў свеце. Гэта таксама з’яўляецца мэтай сёлетняй асізскай сустрэчы.

Даверым гэты сусветны форум рэлігійных лідараў, прадстаўнікоў розных культур і палітыкаў Богу, які адорвае нас сваім супакоем.

Няхай Ён праз заступніцтва Марыі – Каралевы міру – адорыць усіх нас ласкай быць прыладамі міру. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі