Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для студэнтаў на пачатак новага навучальнага года
22.09.2016 19:51

Мінскі архікатэдральны касцёл, 22 верасня 2016 г.

Глыбокапаважаныя студэнты, дарагія вернікі!

1. 1 верасня распачаўся новы навучальны год. Ён распачаўся ў школах, ліцэях, тэхнікумах, універсітэтах і іншых навучальных установах. Сотні тысяч студэнтаў распачалі новы этап свайго жыцця з мэтай атрымаць адпаведную спецыяльнасць, каб потым выкарыстаць яе ў жыцці.

Некаторыя з вас распачалі апошні курс навучання, іншыя — толькі першы. Так ці інакш, вы ўсе павінны прыкладаць максімум намаганняў, каб паспяхова завяршыць новы навучальны год.

Традыцыйна на яго пачатку мы збіраемся на малітву ў нашай катэдры ў інтэнцыі студэнтаў. Для паспяховага навучання неабходна адпаведна вучыцца, хадзіць на лекцыі, выконваць практычныя заданні і курсавыя працы.

Аднак пры ўсім гэтым нам, веруючым, неабходна памятаць і аб словах Хрыста, што без Яго мы не зможам зрабіць нічога. Таму Касцёл хоча дапамагаць студэнтам, каб у іх было дастаткова не толькі фізічнай і інтэлектуальнай энергіі, але і духоўнай.

2. Касцёл быў і застаецца той арганізацыяй, якая засноўвала і падтрымлівала і працягвае засноўваць і падтрымліваць універсітэты. Найстарэйшым з існуючых каталіцкіх універсітэтаў з’яўляецца Балонскі, заснаваны яшчэ ў 1088 г. Менавіта таму працэс уніфікацыі навучальных універсітэцкіх праграм, які адбываецца ў свеце ў наш час называецца балонскім.

Сэнс гэтага працэсу ў тым, што ўніверсітэты, якія далучаюцца да яго, маюць аднолькавую праграму навучання. Гэта дае магчымасць, напрыклад, пераходзіць з аднаго ўніверсітэта ў іншы і ў іншай краіне без праблем. Гэта таксама гарантуе прызнанне дыплома ў краінах з балонскай сістэмай навучння.

Як вядома, Беларусь таксама знаходзіцца на шляху далучэння да балонскага працэсу, і спадзяёмся, што ў хуткім часе беларускія дыпломы будуць прызнавацца ў свеце, а дыпломы іншых краін — у Беларусі без неабходнасці іх настрыфікацыі. Трэба сказаць, што Ватыкан прымае актыўны ўдзел у працах па далучэнні нашай краіны да гэтага працэсу.

3. Будучы студэнтамі, здабываючы новыя веды і паглыбляючы іх, неабходна памятаць і аб сваім духоўным развіцці. У нашай катэдры кожны першы панядзелак месяца і кожны чацвер пасля вячэрняй святой Імшы адбываюцца малітоўныя і сяброўскія сустрэчы студэнтаў. Ёсць яны і ў іншых парафіях.

Гэта не што іншае, яе акадэмічнае і моладзевае пастырства. Яно вельмі патрэбнае, бо моладзь патрабуе духоўнай падтрымкі перад выклікамі нашага часу, асабліва перад праблемай таго, што сучасны свет усё больш аддаляецца ад Бога. Яно патрэбнае і для таго, каб дапамагчы студэнту ўзгадніць навуку і веру, паказаць, што паміж імі няма супярэчнасці, што адно дапаўняе іншае.

4. Святы Павел у Пасланні да Рымлянаў спачатку прадстаўляе змрочны і прыгнятаючы вобраз чалавецтва, якое апынулася ў палоне граху і само не можа выйсці з яго. Далей ён абвяшчае Добрую Навіну пра адкупленне, якое Бог ахвяруе ўсім людзям. Пры гэтым ён выкарыстоўвае прыклад веры Абрагама — айца ўсіх веруючых. Апостал язычнікаў паказвае, што збаўленне ажыццяўляецца ў спатканні Божай ініцыятывы з адказам чалавека на яе, які ў веры прымае Божы дар.

Гэтыя разважанні св. Паўла заахвочваюць да лепшага спазнання веры, без якой няма збаўлення. Гэтае запрашэнне Касцёл сёння кіруе да студэнтаў, каб яны выяўлялі моцную веру і былі яе сведкамі ў сваім асяроддзі. Як хрысціяне і як тыя, хто адначасова спазнае законы прыроды, вывучае дакладныя і гуманітарныя навукі, вы павінны ў сваім часта абыякавым да веры асяроддзі стаць евангельскай закваскай, каб праз ваша хрысціянскае сведчанне вашы сябры спазналі праўду Евангелля і на ёй будавалі сваю будучыню.

Як бачна, перад вамі стаіць важнае заданне — не толькі захаваць і ўмацоўваць сваю веру, але таксама быць яе місіянерамі ў сваім студэнцкім асяроддзі. Усведамляйце тое, што высілкі і энергія, якія вы ўкладзеце ў працэс навучання і фармацыі, з дапамогай вашых выкладчыкаў і Божай ласкі прынясуць багатыя і добрыя плёны не толькі для вас, але і для тых, каго вы спаткаеце на сваім жыццёвым шляху, выконваючы давераныя вам заданні і абавязкі.

5. Студэнтам, якія распачынаюць новы навучальны год, іх выкладчыкам і духоўным кіраўнікам выказваю сваю глыбокую павагу і пашану за ўдзел у акадэмічным жыцці, дыдактычную і душпастырскую працу. Ад усяго сэрца жадаю, каб новы навучальны год, які пачаўся, стаў часам памнажэння вашых ведаў, узрастання ў мудрасці і ласцы ў Бога і людзей.

Карыстаючыся нагодай, заклікаю вас, студэнты, заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і вучэнню Касцёла. Выкарыстоўвайце новыя магчымасці, якія вам дае Божы Провід, каб паглыбляць сваю веру і ёю жыць. У Мінску сёння ўжо нямала касцёлаў і святароў, якія заўсёды гатовы прыйсці да вас з духоўнай дапамогай.

6. Вашы студэнцкія гады павінны быць накіраваны не толькі на атрыманне ведаў, але і на евангелізацыю. А для гэтага найперш неабходна спалучыць веру і навуку. Дзякуючы гэтым двум крылам, як кажа св. Ян Павел II, вы зможаце падняцца да спазнання праўды ва ўсёй яе паўнаце, каб на шляхах сучаснага свету быць радаснымі спадарожнікамі людзей, якія згубіліся і шукаюць праўды.

«Не бойцеся», — кажа Езус сваім вучням. «Не бойцеся, адчыніце дзверы Хрысту», — заахвочвае св. Ян Павел II. Няхай гэтыя словы ўмацоўваюць вас на новым шляху вашага жыцця, які вы распачынаеце. Не бойцеся прыняць цяжар навукі і не бойцеся жыць паводле вучэння Хрыста. А мацярынская апека Божай Маці — Сталіцы Мудрасці — няхай суправаджае вас падчас усяго навучальнага года. Няхай Яна навучыць вас захоўваць у вашых сэрцах не толькі новыя і патрэбныя веды, але таксама заўсёды жывую і актуальную праўду Евангелля. Няхай вядзе і апякуецца на шляху поўнага спазнання і разумення праўды. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі