Біскуп Яшэўскі прыняў удзел у святкаванні «Дажынак» у Мсціслаўі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.09.2016 16:34 |
24 верасня ў горадзе Мсціслаў прайшоў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016». У межах праграмы фестывалю ў мсціслаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. На свята разам са сваімі душпастырамі прыбылі вернікі з Магілёва, Бабруйска, Глуска, Касцюковічаў, Горак і Чавусаў. На літургіі прысутнічаў таксама Сяргей Савенка, загадчык сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама. На пачатку святой Імшы біскуп заахвоціў усіх сабраных «скласці Богу падзяку за ўраджай, за хлеб штодзённы, за земляробаў, а таксама прасіць Божага благаслаўлення для ўсіх людзей Магілёўшчыны, каб маглі ў здароўі і супакоі спажываць дары зямлі».
У гаміліі іерарх звярнуў увагу на неабходнасць за ўсё дзякаваць Богу і прасіць Божага благаслаўлення на кожную добрую справу. Спасылаючыся на Святое Пісанне, біскуп паказаў, што гэтаму не толькі Бог навучаў, але і самі людзі адчувалі неабходнасць быць удзячнымі, як напрыклад, Найсвяцейшая Панна Марыя. Мсціслаўскія вернікі прынеслі ў дарах да алтара сноп сёлятняга збожжа, спечаны са свежазмеленай мукі каравай, садавіну і гародніну, а таксама хлеб і віно для здзяйснення Эўхарыстычнай Ахвяры. Хор бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ўпрыгожыў літургію спевам.
Трэба адзначыць, што да Дажынак прыводзіўся ў парадак не толькі горад, але і мсціслаўскі касцёл: дзякуючы падтрымцы дзяржаўных уладаў Магілёўшчыны і Мсціслаўскага райвыканкама быў здзейснены вонкавы касметычны рамонт святыні, а намаганнямі біскупа Аляксандра Яшэўскага і дабрачынцаў з Мінска і Масквы быў пафарбаваны дах і адноўлена капліца ўнутры. Падчас літургіі іерарх выказаў падзяку дзяржаўным уладам, дабрачынцам і кс. прэлату Андрэю Стэцкевічу, на чале з якім брыгада будаўнікоў аднаўляла капліцу. Біскуп падзякаваў таксама пробашчу і вернікам мсціслаўскай парафіі, старшыні касцёльнага камітэта Анне Самойленка, якая разам з мужам Мікалаем актыўна ўдзельнічала ў гэтых працах.
Важнай падзеяй «Дажынак-2016» стала пасадка дрэваў ганаровымі гасцямі ў «Парку Міру». Сваё дрэва пасадзіў і біскуп Аляксандр Яшэўскі як прадстаўнік Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне. Акрамя гэтага, у гістарычнай частцы Мсціслаўя з’явіліся вуліцы з ранейшымі назвамі — Кармеліцкая (былая Першамайская) і Пірагоўская (былая Урыцкага).
З галоўнай сцэны «Дажынак-2016» біскуп Аляксандр Яшэўскі павіншаваў пераможцаў з розных раёнаў Магілёўшчыны, а таксама нагадаў пра першынства Бога ў жыцці чалавека, працытаваўшы словы з псальма 127: «Калі сам Пан дому не збудуе, дарэмна над ім працаўнік будуе; калі Пан горада не абароніць, дарэмна варта чувае. Дарэмна, што вы рана ўстаеце, позна кладзецеся, і хлеб ясце гаротны», — калі Бог не благаславіць, дарэмныя ўсе намаганні. |
Фотарэпартаж |