Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На ўрачыстасць у Бялынічы пешшу прыбылі амаль 100 пілігрымаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.09.2016 18:19

24–25 верасня адбылася першая пешая пілігрымка з Магілёва ў Бялынічы — месца, якое славіцца цудадзейным абразом Мацi Божай. 25 верасня быў таксама асвячаны памятны крыж на месцы былых каталіцкіх могілак ХVІІІ–ХІХ стст., зруйнаваных савецкай уладай пасля Вялікай Айчыннай вайны.

Паводле гістарычных звестак, у ХVІІІ–ХІХ стст. бялыніцкі абраз, якi знаходзiўся ў мясцовым касцёле кармэлiтаў абутых, збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй. Так, праваслаўныя вернікі, ідучы ў Кіеў, наведвалі кляштар у Бялынічах, каб ушанаваць Маці Божую ў цудадзейным абразе. Існавала таксама кніга, у якой запісваліся цуды за 1725–1836 гг.

Бялыніцкі абраз — другі па ліку пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай на тэрыторыі Беларусі, ушанаваны папскімі каронамі. Каранацыя абраза ў Бялынічах адбылася ў 1761 годзе. У гады вайны абраз захоўваўся ў Магiлёўскiм абласным краязнаўчым музеі, адкуль знiк, і да сёння яго месцазнаходжанне не вядома.

У першай пешай пілігрымцы, якую ініцыявалі самі вернікі як адказ на мару біскупа вікарыя Магілёўскага рэгіёну Аляксандра Яшэўскага SDB аб пілігрымках да Маці Божай Бялыніцкай, прынялі ўдзел амаль 100 чалавек, сярод якіх былі вернікі, святары і кансэкраваныя асобы з парафій Магілёва, Бабруйска і Бялынічаў. Адказнасць за арганізацыю пілігрымкі ўзялі на сябе святары з магілёўскай катэдры — дэкан кс. Віталій Драздоўскі і вікарый кс. Павел Беразун. Узначаліў пілігрымку кс. Вадзім Сурвіла, пробашч новастворанай парафіі Божай Міласэрнасці ў Магілёве, разам з сястрой Верай і сястрой Наталляй.

Па запрашэнні біскупа Аляксандра Яшэўскага на ўрачыстасць у Бялынічы прыбыў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які ўзначаліў святочнае набажэнства.

На пачатку літургіі біскуп Аляксандр Яшэўскі з радасцю прывітаў дастойнага госця, пілігрымаў, душпастыраў Магілёўшчыны, вернікаў і гасцей, і заклікаў маліцца аб аднаўленні марыйнага санктуарыя ў Бялынічах, а таксама аб тым, каб пешая пілігрымка стала штогадовай традыцыяй.


Біскуп Казімір Велікаселец у гаміліі нагадаў пра неабходнасць жыцця з Богам і паводле Яго запаведзяў. Іерарх заахвоціў вернікаў цвёрда скіроўваць свой позірк на алтар. Распавядаючы пра бязвер’е і антыклерыкальныя падзеі на Захадзе і Усходзе, іерарх перасцярог прысутных перад разбуральным уплывам сатаны і заклікаў моцна трымацца веры ў Хрыста.

Душпастыр гомельскай зямлі таксама прывёў прыклады славутых навукоўцаў і літаратараў, якія праз свае адкрыцці пазнавалі Бога, зведвалі навяртанне і разумелі, што ўсе іх дасягненні — Божая справа.

Пасля святой Імшы супольнасць вырушыла ў працэсіі на зруйнаваныя каталіцкія могілкі ХVІІІ–ХІХ стст., молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці. На могілках быў усталяваны каталіцкі крыж як знак памяці пра пахаваных тут продкаў. Падчас асвячэння крыжа біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў мясцовым уладам, а таксама тым, хто планаваў будаваць на месцы былых могілак краму, але адмовіўся ад гэтай ініцыятывы дзеля ўшанавання спачылых тут людзей.

Як адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, у сацыяльных сетках ён атрымаў мноства паведамленняў, у тым ліку не толькі ад католікаў, са словамі ўдзячнасці за сведчанне веры, пашаны да жывых і памерлых, а таксама простую добразычлівасць.

Урачыстасць у Бялынічах упрыгожыў спевамі салезіянскі музычны гурт «Небасхіл» з Мінска. На ўспамін пра свята ўсе атрымалі ў падарунак ад біскупа Казіміра Велікасельца медалікі з выявай Маці Божай.

Яна Козыр, Валянціна Грамыка
Фота Васіля Цітова

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.