Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Для дзяцей вілейскай парафіі было арганізавана свята ва ўспамін Анёлаў Ахоўнікаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.10.2016 12:56

2 кастрычніка, ва ўспамін св. Анёлаў Ахоўнікаў, дзеці з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы маліліся праз заступніцтва сваіх нябесных ахоўнікаў. Падчас святой Імшы парафіяльная супольнасць малілася за ўсіх дзяцей, якім найбольш патрэбна апека Анёлаў Ахоўнікаў.

Падчас гаміліі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла нагадаў пра створаны Богам нематэрыяльны свет і нябесных ахоўнікаў, якіх Бог даў кожнаму чалавеку. На прыкладзе жыццёвых гісторый святар паказаў, якім дзейсным з’яўляецца клопат Бога праз Анёлаў Ахоўнікаў, і заахвоціў вернікаў у розных сітуацыях звяртацца ў малітве па дапамогу да сваіх заступнікаў.

Пасля ружанцовага набажэнства, якое праводзілі дзеці парафіі, святары ўдзялілі індывідуальнае благаслаўленне ўсім маленькім вернікам.

Пасля малітвы дзеці з бацькамі накіраваліся на пляцоўку перад парафіяльным домам, дзе адбылася другая частка свята — салодкі пачастунак і забаўляльная праграма. Дзеці разам са старэйшай моладдзю бавіліся, танцавалі, праяўлялі свой маляўнічы талент на тэму «Анёлы — нашыя сябры» і адгадвалі загадкі на біблійныя тэмы. Напрыканцы святкавання прысутныя праспявалі малітву да Анёлаў Ахоўнікаў і падзякавалі Богу за праведзены сумесна час.

Кацярына Дурко, (VGr)
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.