2 кастрычніка вернікі мінскай парафіі Св. Францішка Асізскага (Уручча) сабраліся, каб разам перажываць адпустовую святую Імшу.
Пра гэта паведамляе сайт kapucyny.by. «У нас сёння многа прычынаў для радасці — развіваецца нашая парафіяльная супольнасць, узрастаюць сцены нашага будучага касцёла… Але галоўная прычына нашай радасці — Эўхарыстыя», — адзначыў ва ўступным слове адміністратар парафіі айцец Алег Вайцяховіч OFMCap.
Асаблівасцю святой Імшы, якую ўзначаліў кусташ беларускай кустодыі братоў капуцынаў а. Алег Шэнда OFMCap, стала падпісанне дэкрэту, які кананічна зацвердзіў заснаванне супольнасці францішканскага ордэна свецкіх (трэці ордэн) пры пляцоўцы братоў капуцынаў у Мінску.
«Гэта гістарычны момант для ўсіх католікаў Беларусі. Бо гэтым разам супольнасць Ордэну ўпершыню засноўваецца ў незалежнай Беларусі», — адзначыў капуцын.
Ордэн францішканаў свецкіх у Мінску налічвае некалькі дзясяткаў чалавек, яшчэ тры асобы вырашылі далучыцца да шляху фармацыі трэцяга ордэна падчас святой Імшы. Айцец Андрэй Букштан OFMCap у гаміліі адзначыў: «Наша жыццё дае нам шмат прычын для радасці. Але бывае і так, што радасць хутка праходзіць і ад яе нічога не застаецца. Гэта радасць недасканалая».
Святар звярнуў увагу на тое, што святы Францішак у сваім жыцці шукаў дасканалую радасць, а яе можна дасягнуць, калі мы губляем свой аўтарытэт і сябе дзеля таго, каб узвысіўся Хрыстус.
Пасля Імшы вернікі парафіі Святога Францішка падрыхтавалі тэатральную пастаноўку, у якой метафарычна паказалі небяспекі і спакусы для сучаснага чалавека. Супольная малітва, яркія ўражанні, цёплыя размовы за кавай і гарбатай, добрае надвор’е надалі парафіяльнаму святу ўтульную атмасферу.
На заканчэнне адміністратар парафіі а. Алег Вайцяховіч прызнаўся, што гэты дзень выклікае ў яго аналогіі з першымі хрысціянамі, якія мелі сапраўды моцную веру, і гэтаму, па словах святара, мы мусім у іх вучыцца. Каб бліжэй пазнаёміцца з францішканскай духоўнасцю, а. Алег запрасіў вернікаў да ўдзелу ў набажэнстве «Transitus», якое адмыслова прысвечана адыходу святога Францішка да Айца Нябеснага.
Набажэнства адбудзецца 3 кастрычніка пасля святой Імшы ў 18.30 у касцёле на Залатой Горцы ў Мінску.
Паводле kapucyny.by, фота kapucyny.by
(AG)
|