Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прыбыццё фігуры Маці Божай Фацімскай у мінскую катэдру
13.10.2016 19:55

13 кастрычніка 2016 г.

Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыходзіць да мяне?
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Так і хочацца разам са святой Альжбетай паўтараць гэтыя словы сёння, калі асвечаная ў капліцы аб’яўленняў у Фаціме фігура Божай Маці наведвае нас. Разам з ёй прыходзіць да нас Яе фацімскае пасланне. У ім Марыя 99 гадоў таму накрэсліла гісторыю свету, асабліва Усходняй Еўропы з жорсткім, нябачным раней пераследам веры, выкараненнем яе з памяці веруючага хрысціянскага люду і адначасова з надзеяй на вызваленне з сецяў ваяўнічага атэізму і атрымання дару свабоды веравызнання.

Хочацца паўтараць і разам з Марыяй спяваць Яе велічны гімн «Magnificat», бо сапраўды на нашых вачах Бог чыніць вялікія рэчы. Яшчэ тры дзесяцігоддзі таму цяжка было нават памарыць аб свабодзе веравызнання. У часы ваяўнічага атэізму веруючы быў чалавекам другога гатунку. Ён не заўсёды мог атрымаць вышэйшую адукацыю, заняць добрую пасаду і г.д. Нярэдка ён быў дыскрымінаваны. Лозунг «Рэлігія – опіум для народа» быў адным з найбольш распаўсюджаных разам з лозунгам «Наперад, да перамогі камунізму!».

Аднак Бог паказаў, што Ён піша проста на пакручастых лініях гісторыі і што Ён, а не хтосьці іншы, ставіць апошнюю кропку над «і». Гэта азначае, што не моцныя гэтага свету, але Ён, з’яўляецца яго Валадаром.

2. У гэтым працэсе прарочую ролю адыграла Марыя, як абяцала падчас сваіх аб’яўленняў у Фаціме ў 1917 г. Успомнім толькі некаторыя, цяпер ужо гістарычныя факты. Пасля таго, як св. Ян Павел II у свята Звеставання 25 сакавіка 1984 г. ахвяраваў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, у былым Савецкім Саюзе пачалі адбывацца нябачныя да гэтага сацыяльна-палітычныя перамены, якія выразіліся найперш у перабудове і галоснасці. У 1988 г. Праваслаўная Царква ўрачыста святкавала юбілей 1000-годдзя хросту. Зазванілі званы на вежах касцёлаў, абвяшчаючы, што вера не памерла, але захавалася.

Прызначэнне першага біскупа ў Беларусі ў 1989 г., потым у 1990 г. першага прадстаўніка Апостальскага Пасаду ў СССР, стала знакам прышэсця новых часоў. Якім вялікім крокам было адкрыццё духоўнай семінарыі ў Гродне ў 1990 г., а потым адраджэнне нармальных касцёльных структур са сваімі біскупамі ў 1991 г.

Цяпер, па прашэсці каля трыццаці гадоў, усё выглядае нармальным. Мы прызвычаіліся да таго, што будуюцца новыя святыні, адбываюцца прэзбітэрскія пасвячэнні, Касцёл узбагачаецца кансэкраванымі асобамі, рыхтуюцца катэхеты, выдатна працуюць каталіцкія медыя, велічныя будслаўскія і іншыя ўрачыстасці сведчаць аб тым, што Бог жыве на Беларусі, але ў той час усё гэта было надзвычайным. Гэта сапраўды быў час вялікай Божай ласкі.

3. Зараз, у Год Надзвычайнага Юбілею Божай міласэрнасці і ў юбілей 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, мы рыхтуемся да святкавання юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, якіх нельга аддзяліць ад гісторыі нашага Касцёла і яго адраджэння.

Сёння, калі асвячаная ў Фаціме фігура Божай Маці прыходзіць у мінскую катэдру Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, так і хочацца ўсклікнуць словамі арханёла Габрыэля са сцэны Звеставання: «Вітай, Марыя!» Вітай у сваім доме. Вітай сярод тых, хто даверыўся Табе ў цяжкія гады ганенняў і далей пакладае надзею ў Табе.

4. Удзячныя Богу і Божай Маці за дар свабоды веравызнання і новыя магчымасці для развіцця Касцёла, мы не можам толькі адпачываць на лаўрах мінулых дасягненняў. Нам неабходна быць людзьмі заўтрашняга дня, тымі, якія глядзяць наперад, чытаюць знакі часу і яго выклікі і, базуючыся на Евангеллі і вучэнні Касцёла, мужна адказваюць на іх. Мы павінны клапаціцца аб захаванні нашай хрысціянскай спадчыны і не дазволіць яе растраціць.

А такая небяспека існуе. Мы жывём у часы парадоксаў. З аднаго боку свабода веравызнання, а з іншага — свабодны адыход ад Бога. Чаму так ёсць? У чым праблема? Найперш у тым, што духоўныя каштоўнасці замяняюцца на матэрыяльныя. У сувязі з гэтым з’яўляецца новы бог, якім становіцца багацце. Такімі багамі таксама становяцца славутыя артысты, стадыёны, дыскатэкі, забаўляльныя залы, казіно, супермаркеты і да т.п. Іх жадае сучасны чалавек, да іх імкнецца і ў іх бачыць сваё шчасце. Але ці сапраўды ён яго атрымае? Колькі банкротаў, колькі ашуканых людзей, колькі страціла надзею, бо шчасце нечакана адвярнулася ад іх.

Мас-медыя і культура замест таго, каб абвяшчаць Добрую Навіну і маральныя каштоўнасці, часта распаўсюджваюць антыкаштоўнасці, на якіх выхоўваецца моладзь.

Божы закон успрымаецца не як шлях да духоўнай дасканаласці, а як абмежаванне правоў чалавека. Але на самой справе ён дадзены нам, каб мы не заблукалі ў нашым падарожжы ў вечнасць, падобна як дарожныя знакі дапамагаюць не заблукаць у нашым зямным падарожжы.

Гэта толькі некаторыя раны сучаснага грамадства. Яны кажуць нам, што мы, імкнучыся да абсалютнай свабоды, становімся нявольнікамі матэрыяльных каштоўнасцяў, трапляем у нездаровую залежнасць ад медыя і амаральных задавальненняў і г.д. Але Бог нас стварыў да свабоды дзяцей Божых.

5. Прыклад такога свабоднага Божага дзіцяці нам пакінула Марыя. У рашучы момант гісторыі, калі прыйшла паўната часу, каб выбавіць чалавека з грахоўнага рабства, рэалізацыю свайго плану збаўлення Бог аддаў у рукі чалавека, якім з’яўляецца Марыя. І Яна не падвяла Бога. Яна згадзілася з Яго воляй.

Прыняўшы падчас Звеставання Божую волю і выказаўшы намер быць слугой Пана, Марыя хацела таксама быць слугой бліжняга і паспяшыла ў дом Захарыі і Альжбеты. Гэтым самым Яна паказала свету неабходнасць міласэрнасці. Ужо ХХ стагоддзяў таму Яна ажыццявіла дэвіз Надзвычайнага Юбілею Божай Міласэрнасці — «Міласэрныя, як Айцец».  

Кіруючыся сваёй бязмежнай міласэрнасцю, Бог збавіў чалавека з палону граху. Марыя пайшла па Яго слядах. Спяшаючыся з паслугай любові бліжняга ў дом Захарыі і Альжбеты, Яна туды прынесла і яшчэ не народжанага Езуса з Ягонай ласкай, якая вызваліла таксама яшчэ не народжанага Яна Хрысціцеля ад першароднага граху.

У 1917 г., калі атэістычны рэжым набліжаўся да нашай краіны, Марыя ў далёкай Фаціме ізноў праявіла сваю міласэрнасць, Яна заклікала да малітвы і навяртання і таксама дала нам надзею на свабоду і адраджэнне веры.  

У дом Захарыі і Альжбеты з Табой, Марыя, прыйшла Божая ласка. Верым, што і сёння яна разам з Табой нанова прыходзіць у нашу краіну. Сёння, калі свет стаіць на скрыжаванні дарог, мы свой позірк звяртаем да Цябе і просім, будзь міласэрнай да нас, выпрасі ў свайго Сына ласку жыцця паводле духу Евангелля.

Як наша добрая Маці, якая клапоціцца пра сваіх дзяцей, не дазволь яе растраціць ці абмяняць на часовыя каштоўнасці. Дапамажы, каб мы заўсёды заставаліся вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, былі сведкамі збаўчага Евангелля Твайго Сына і па Твайму прыкладу сталі прыладамі Божай міласэрнасці, якая змяняе свет.

Вітай, Марыя, у нашай мінскай катэдры! Вітай у доме, прысвечаным Твайму Імені, вітай сярод нас і вядзі ў новую будучыню. Амэн. 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі