Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Айцец марыянін пра св. Станіслава Папчынскага: «Ён быў айцом бедных і ўбогіх»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.10.2016 18:37

13 кастрычніка падчас пастырскай сустрэчы святароў у Мінску а. Павел Федаровіч MIC прадставіў даклад пра заснавальніка супольнасці марыянаў святога Станіслава Папчынскага, кананізацыя якога адбылася ў чэрвені 2016 года.

Святар распавёў пра асноўныя напрамкі дзейнасці айцоў марыянаў, нагадаўшы пра таямніцу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую так шануюць манахі гэтай супольнасці.

Пра харызму марыянаў

Святы айцец Станіслаў Папчынскі, плануючы заснаваць Кангрэгацыю айцоў марыянаў, хацеў, каб дзейнасць супольнасці была падпарадкавана тром мэтам: распаўсюджваць культ Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, маліцца за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы, і дапамагаць пробашчам у душпастырскай дзейнасці.

Як адзначыў а. Павел, да марыйнага шляху ў хрысціянскім жыцці святога Станіслава Папчынскага прывяло тое, як ён прымаў таямніцу Хрыста і Касцёла.

«Наш заснавальнік жыў у XVII стагоддзі. Як вядома, дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны 8 снежня 1854 года Святым Айцом Піем ІХ. У часы айца Станіслава сярод тэологаў існавалі дзве тэндэнцыі: адны пярэчылі гэтай праўдзе, іншыя яе прымалі. У такім кантэксце а. Станіслаў прымае паставу абаронцы таямніцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі», — адзначыў айцец марыянін.

Поўны тэкст даклада тут››

У якасці ўзору для габіта новай кангрэгацыі марыянаў, заснавальнікам якой выступіў святы, быў абраны габіт піяраў.

Святы Станіслаў ў Канстытуцыі Кангрэгацыі вучыў аб тым, што марыяне па меры сваіх сіл старанна і пабожна павінны дапамагаць малітвай памерлым, якія знаходзяцца ў чыстцы, асабліва салдатам і тым, хто памёр ад чумы.

Адной з галоўных перадумоў такой харызмы можна назваць візію чыстца святога: «Святы Станіслаў Папчынскі меў містычныя бачанні чыстца, калі, дзякуючы Божай ласцы, трапляў туды і бачыў цярпенні памерлых. Наш заснавальнік называў дапамогу памерлым выключнай міласэрнасцю і найвышэйшым праяўленнем любові да бліжняга», — нагадаў а. Павел Федаровіч.

Паводле слоў марыяніна, айца Станіслава называлі апосталам Мазоўша — сёння гэта цэнтральная частка Польшчы. Менавіта на Мазоўшы сфарміраваліся першыя парафіяльныя пляцоўкі душпастырскай дзейнасці марыянаў.

Айцец Папчынскі хадзіў па парафіях, дапамагаў пробашчам у абвяшчэнні Божага слова, катэхізацыі, спавядаў і адпраўляў набажэнствы.

«Яго называлі айцом бедных. Пастырскай дзейнасцю ён атуляў найперш убогіх і сацыяльна пакрыўджаных. Ён ведаў, што сапраўднай трагедыяй для чалавека з’яўляецца адсутнасць веры, а найбольшай небяспекай — жыццё без Бога і прабыванне пасля смерці ў пекле. Таму ён заахвочвае сваіх паслядоўнікаў не быць пасіўнымі і не стаяць без працы на жніве Пана», — заключыў а. Павел Федаровіч.

(IL)




 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.