У Фашчаўцы прайшла пастырская сустрэча духавенства Магілёўшчыны |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.10.2016 12:41 |
У сустрэчы, якая адбылася 13 кастрычніка, разам са святарамі і кансэкраванымі асобамі прымаў удзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. У канферэнцыі, з якой на пачатку сустрэчы выступіў духоўны айцец рэгіёна кс. Андрэй Далянскі з Касцюковічаў, ішла гаворка пра культуру духоўнай асобы. «Узровень культуры духоўнай асобы павінен быць не проста высокі, а вельмі высокі, — адзначыў святар. — Як духоўныя асобы мы, па-першае, прадстаўляем Бога на зямлі, па-другое, з’яўляемся прадстаўнікамі Касцёла, а па-трэцяе, пастаўлены на чале супольнасцяў і адказваем за іх перад Богам і Касцёлам». Гэтыя пункты сталі асноўнымі элементамі разважання, над якімі прапанаваў спыніцца дакладчык.
На думку святара, да элементаў, якія будуюць культуру духоўнай асобы, адносяцца:
Пасля канферэнцыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасць прыватнай адарацыі, а таксама сакрамэнт пакаяння. Святую Імшу, у якой прынялі ўдзел таксама вернікі фашчаўскай парафіі, узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDВ. У гаміліі іерарх працягнуў разважанні аб тым, якой павінна быць духоўная асоба. «Кожны з нас, хто прысвяціў жыццё службе Богу і людзям, стаў настаўнікам і прыкладам для іншых, а таму павінен вылучацца высокай асабістай культурай», — сказаў біскуп. Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на этымалогію слова «святар» і неабходнасць несці ў сучаны свет святасць і духоўнасць: «Слова „sacerdos” бярэ свой пачатак ад слова „sacra dans”. Так называецца чалавек, які дае “sacrum” (святасць). Беларускае слова "святар" таксама паходзіць ад слова “свят” і ідзе ў лучнасці з лацінскім “даваць святасць”. Свет можа даць нам многае, але свет не дае святасць і духоўнасць». «Другое значэнне слова “святар” паходзіць ад слова “pontifex”, што азначае будаваць мост паміж вечнасцю і рэальным часам, паміж небам і зямлёй, паміж духоўнымі асобамі, асабліва святарамі, і іншымі людзьмі. Трэба памятаць, што мост будуецца дзеля таго, каб іншыя маглі крочыць па ім».
«Пасля года служэння ў якасці біскупа на Магілёўшчыне прыходжу да высновы, што нам не трэба спакушацца ацэньваць эфектыўнасць Божай ласкі толькі паводле статыстыкі — рэлігійнай практыкі нашых людзей, але пайсці глыбей і ацэньваць сваё асабістае жыццё як пакліканне ўсюды і заўсёды, асабліва ў пастырскіх намаганнях». На завяршэнне біскуп дадаў: «Калі паглядзім у глыбіню саміх сябе і заўважым неадпаведнасць пакліканню і бездапаможнасць, дзе нам шукаць прыклад? Адказ для ўсіх аднолькавы: звярнуцца да Пана, якому служым. Ён дасць нам сілы і мудрасць у рашэнні. Як чытаем у Пісанні: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё прыемнае і цяжар Мой лёгкі” (Мц 11, 28–30). А таксама іншыя словы першага Пантыфіка, святога Пятра: "Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага" (Ян 6, 68)».
Біскуп таксама нагадаў пра перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай, якая распачалася ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 16 кастрычніка фігура прыбудзе ў магілёўскую катэдру. «Няхай перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай і Яе заклік да навяртання ў першую чаргу да нас, духоўных асобаў, прынясе дар перамены і пераасэнсавання, а таксама дадасць неабходных сіл трываць, сведчыць і прыносіць свайму асяроддзю неабходную святасць», — заключыў іерарх. Пасля Эўхарыстыі прайшла сустрэча духоўных асобаў з біскупам, падчас якой былі абмеркаваны некаторыя душпастырскія справы, у тым ліку завяршэнне пастырскай візітацыі ў Крычаве, Чавусах і Глуску. Наступная пастырская сустрэча для Магілёўскага рэгіёна адбудзецца 7 лістапада ў Бабруйску ў актаву за памерлых. Падчас сустрэчы будзе зачытаны Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі Магілёўшчыны, адбудзецца супольная малітва за спачылае духавенства Магілёўшчыны і будуць наведаны магілы спачылых святароў. |
Фотарэпартаж |