Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Жодзіне прайшоў марыянскі турнір для міністрантаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
18.10.2016 11:24

14-15 кастрычніка ў Жодзіне адбыўся ўжо традыцыйны турнір для міністрантаў з марыянскіх парафій. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 70 хлопцаў з усіх мясцін, дзе працуюць айцы марыяне: Мінска, Жодзіна, Барысава, Росіцы і Оршы. Да іх далучыліся госці з суседніх Смалявіч і далёкай Друі, якая, дарэчы, не так даўно была марыянскай.

Турнір, які ўключаў у сябе праверку біблійных ведаў і спартыўныя спаборніцтвы, праходзіў у розных катэгорыях. Сустрэча распачалася супольнай Эўхарыстыяй у пятніцу. Пасля вячэры прайшлі першыя інтэлектуальныя спаборніцтвы.

Каманды праверылі свае сілы ў гульні «Што? Дзе? Калі?», у якой павінны былі не толькі адказваць на цяжкія пытанні з Бібліі і катэхезы, але таксама паказаць веды пра культуру Беларусі і жыццё Касцёла ў Беларусі.


Пасля нялёгкай інтэлектуальнай працы патрэбны быў адпачынак, таму вясёлы і дружны натоўп адправіўся на жодзінскі каток.

Асноўныя змаганні адбываліся на наступны дзень. Пасля ранішняй зарадкі, супольнай Эўхарыстыі і сняданку міністранты сустрэліся на чарговай інтэлектуальнай «праверцы» — турніры па літургічных ведах.

Спаборніцтвы мацнейшых

Пасля напружанай барацьбы хлопцы перайшлі ў спартыўную залу «Асілак» жодзінскага БелАЗа, дзе змагаліся за балы ў міні-футболе старэйшых і малодшых. Барацьба была роўнай і нялёгкай. Кожны матч быў сапраўднай баталіяй.


Міністранты выяўлялі лепшых у настольным футболе, а таксама ўдзельнічалі ў камандных эстафетных конкурсах.

Яшчэ адной цікавай катэгорыяй была праца па кухні, за якую таксама залічваліся балы. Падчас пасілкаў кожная каманда па чарзе дапамагала пры ўборцы са сталоў і мыцці посуду.

Турнір быў напружаны і цікавы. Удзельнікі атрымалі добрую порцыю эмоцый, радасці і зарад Божага духа.

У агульным камандным заліку месцы былі размеркаваны наступным чынам:

  • 1 месца — зборная Мінска і Смалявічаў
  • 2 месца — Жодзіна
  • 3 месца — Барысаў

Чацвёртае месца з аднолькавай колькасцю балаў раздзялілі каманды з Друі і зборная Росіцы і Оршы.

Шчыра дзякуем усім хлопцам за прысутнасць і за сведчанне еднасці, добрага настрою і сапраўднага міністранцкага духу.

А. Канстанцін Анашка МІС

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.