Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Змяніць канапу на абутак»: рэкалекцыі для дзяўчат прайшлі ў Стоўбцах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.10.2016 12:13

28-30 кастрычніка ў парафіі Св. Казіміра ў Стоўбцах упершыню прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат. «Змяніць канапу на абутак» - такім быў дэвіз духоўных практыкаванняў.

Сёстры францішканкі запрасілі на сустрэчу не толькі сваіх выхаванак, але і дзяўчат з Івянца, Баранавіч і Мінска. Духоўным пастырам рэкалекцый быў айцец францішканін Яўген Голуб.

У першы дзень рэкалекцый на святой Імшы а. Яўген Голуб заклікаў прысутных па прыкладу Езуса найперш маліцца, а затым «сыходзіць з духоўнай гары» да іншых людзей з канкрэтнымі ўчынкамі, якія б сведчылі аб прысутнасці Бога. Пасля супольнай вячэры с. Юлія нагадала аб закліку Папы Францішка да моладзі: «Змяніць канапу на абутак», які і стаў дэвізам рэкалекцый.

Доўжыўся першы дзень да глыбокага вечару, і дзяўчаты маглі праз сакрамэнт пакаяння і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту духоўна падрыхтавацца да наступнага дня.

У другі дзень дзяўчатысумесна маглі разабрацца, што ў іх жыцці з’яўляецца «канапай», а што «абуткам». Кожная для сябе мела магчымасць высветліць асноўныя інгібітары, якія перашкаджаюць, і каталізатары, якія дапамагаюць змяніць звыклую канапу на абутак дзеяння. Таксама ўдзельніцы здзейснілі Крыжовы шлях у незнаёмых ваколіцах Стоўбцаў. Ідучы лясной сцежкай, дзяўчаты разважалі аб балесных таямніцах Езуса. Духоўную практыку завяршыў супольны Ружанец у капліцы. Вечар скончыўся праглядам хрысціянскага фільма.


Трэці дзень пачаўся з Літургіі ў капліцы. Пасля законныя сёстры гасцінна расчынілі перад дзяўчатамі дзверы свайго кляштара. Творчым заданнем для іх стала разважанне над урыўкам са Святога Пісання і сваё бачанне сябе і Езуса ў ім.

Падчас рэкалекцый кожная з удзельніц магла пачарпнуць з духоўных крыніц Касцёла: Літургіі, сакрамэнту пакаяння, супольнай малітвы, Ружанца, з надзеяй «абуць добры абутак» і ісці на поле жыцця, каб перажываць яго паўнату.

Алеся Бычкевіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.