Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Усіх Святых |
01.11.2016 19:00 |
Мінская архікатэдра. 1 лістапада 2016 г. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. Кожны дзень мы ўспамінаем таго ці іншага святога. Гэта тыя людзі, якія адзначыліся святасцю свайго жыцця і такімі былі прызнаныя Касцёлам. Сярод іх — духоўныя і свецкія асобы, маладыя і ва ўзросце, сужэнцы, мучанікі і вызнаўцы. Сярод іх ёсць і такія, якія адзначыліся святасцю свайго жыцця і, можа, нават пралілі кроў за веру, аднак у многіх выпадках працэс іх праслаўлення не вёўся і не вядзецца. Яны не аб’яўленыя Касцёлам святымі, але ў Божых вачах такімі з’яўляюцца. Таму ў Касцёле існуе адзін дзень — 1 лістапада, калі мы ўспамінаем усіх святых — кананізаваных і некананізаваных. Яны знаходзяцца перад Божым тронам і прасляўляюць Яго. 2. Разважаючы пра ўсіх святых, неабходна задацца пытаннем: хто можа стаць святым і як гэтага дасягнуць? Адказ вельмі просты: кожны чалавек можа стаць святым, калі жыве паводле Божога закону. Адначасова гэты адказ вельмі складаны. Чалавечая прырода здэфармавана першародным грахом і схільная да граху. Мы добра ведаем, што такое дабро, але ў той жа час чынім зло. Таму, каб стаць святым, неабходна найперш перамагчы самога сябе, сваю схільнасць да зла, і разам з Марыяй і незлічонымі святымі сказаць Богу «так», а злому духу «не». Гэта нялёгка, аднак мы не адны — з намі Бог. Недарма св. апостал Павел кажа: калі з намі Бог, хто ж супраць нас? Таксама Хрыстус нас вучыць, што без Яго нічога не зможам зрабіць. Святыя ў сваім жыцці засталіся вернымі Богу і свайму хрысціянскаму пакліканню, нягледзячы на пераслед веры і спакусы злога духа. Святы — гэта не той, якім яго ўчыніў Бог, але той, які ў Бога заслужыў такую хвалу. Святы — гэта чалавек свайго часу, з яго цяжкасцямі і выклікамі. Адначасова гэта чалавек, які быў вышэй гэтых выклікаў і спакусаў, які наследаваў Хрыста, жыў Яго васьмю благаслаўленнямі, якія прадстаўляе нам сённяшняе Евангелле. Менавіта яно з’яўляецца маральным кодэксам хрысціяніна і правадніком у шчаслівую вечнасць. Старэйшыя людзі памятаюць, як у 60-е гады мінулага стагоддзя кіраўнік СССР Мікіта Хрушчоў абвясціў маральны кодэкс будаўнічага камунізму. Усе хвалілі яго: які цудоўны кодэкс прыдумаў! На самой справе гэты кодэкс быў узяты з Евангелля, хоць пра гэта атэістычны рэжым не сказаў ні слова. Нічога не выйшла з маральнага кодэксу будаўнічага камунізму, бо там не было духу. Дзе гэты кодэкс цяпер? На паліцах бібліятэк. У той жа час кодэкс Езуса застаецца актуальным, і да яго звяртаюцца людзі ўсіх пакаленняў, і ён з’яўлецца правадніком да святасці. 3. Свята Усіх Святых плаўна пераходзіць ва ўспамін усіх памерлых вернікаў. Многія з іх ведаюць, што збаўленыя, але ня могуць сузіраць Бога тварам у твар з-за таго, што яшчэ не скончыліся іх часовыя кары. Самі сабе яны не могуць дапамагчы. Толькі мы можам гэта ўчыніць. Такім чынам, дзякуючы нашым малітвам і асабліва адпустам, колькасць святых павялічваецца. Гэта знак нашай удзячнасці нашым бацькам, братам, сёстрам, блізкім. Гэта знак салідарнасці з тымі, якія чакаюць і не могуць дачакацца, каб перайсці ў краіну вечнага шчасця. Гэта таксама знак праяўлення міласэрнсці да іх, аб чым мы павінны асаблівым чынам памятаць у Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці. 4. Свята Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў нагадваюць пра такую праўду веры як еднасць святых. Пілігрымуючы Касцёл, які ўтвараем мы на зямлі, яднаецца з трыўмфуючым Касцёлам, які знаходзіцца ў вечнай радасці, і церпячым — з тымі, хто ў чыстцы. Таму сённяшняе свята — гэта магутны гімн хвалы Богу, які разам спяваюць святыя і пілігрымуючыя ў вечнасць. Гэта таксама знак надзеі для тых, хто адбывае часовыя кары, і для нас, бо мы створаны для шчаслівай вечнасці. Такім чынам, сённяшняе свята з’яўляецца прыкладам адзінства ўсяго Касцёла — пілігрымуючага, церпячага і трыўмфуючага, у чым праяўляецца праўда нашай веры пра еднасць святых. 5. Дарагія ўдзельнікі сённяшняга набажэнства. Святыя, вядомыя і невядомыя, выбралі Хрыста. Наша малітва не павялічвае іх святасці ці годнасці ў Бога. Але, молячыся да святых, мы праз іх пасрэдніцтва заносім нашыя малітвы да Найвышэйшага. Патрэбы ў нашай малітве яны не маюць, а вось нам іх прыклад патрэбны. Няхай ён пабудзіць і нас выбраць Хрыста, каб дасягнуць святасці. Праявім нашу міласэрнасць да памерлых. Яны так яе чакаюць. Яна нічога для нас не каштуе. Споведзь, святая Камунія, наведванне могілак і малітва ў інтэнцыях Святога Айца стануць тым ключом, які адчыніць ім дзверы ў краіну вечнага шчасця. Не забудзем пра нашых памерлых, якія перадалі нам Божы дар жыцця, клапаціліся пра нашае фізічнае, інтэлектуальнае і духоўнае выхаванне і пакінулі нам прыклад веры, каб за іх старанні на зямлі міласэрны Бог адудзячыў ім вечным шчасцем у сваім Валадарстве. Амэн. |