Мітрапаліт Кандрусевіч на мінскай Кальварыі: найбольшае здзіўленне нас чакае ў вечнасці |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.11.2016 23:45 |
2 лістапада на Кальварыйскіх могілках у Мінску адбылася працэсія і малітва за памерлых, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас святой Імшы, на якой пасля працэсіі прысутныя сабраліся ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, іерарх патлумачыў, чаму ўспамін усіх памерлых адзначаецца пасля ўрачыстасці Усіх Святых.
Як падкрэсліў арцыпастыр, Касцёл можа аб’явіць чалавека святым толькі пасля яго смерці. «І нават калі ён такім і не быў аб’яўлены, бо не праводзіўся яго беатыфікацыйны працэс, то толькі пасля смерці наступае Божы суд, які вырашае — вечнае шчасце ці вечнае цярпенне, — дадаў Мітрапаліт і адначасова нагадаў, што толькі Бог з’яўляецца суддзёю. — Касцёл нават не выказваецца адносна лёсу здрадніка Юды, бо мы не ведаем, можа, у апошнюю хвіліну свайго жыцця ён папрасіў у Бога прабачэння». Іерарх выказаў меркаванне, што «найбольшае здзіўленне нас будзе чакаць у вечнасці», калі ўбачым там зусім не таго, каго чакалі там убачыць, што сярод збаўленых будуць і вялікія грэшнікі. «Але больш за ўсё мы будзем здзіўлены тым, што самі апынуліся ў краіне вечнай радасці», — дадаў арцыпастыр.
«Сярод памерлых, напэўна, ёсць многа тых, хто збаўлены, але яшчэ не можа зведаць радасці збаўлення, бо не адпакутавалі часовую кару. Душы такіх людзей знаходзяцца ў чыстцы, — патлумачыў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Бо нішто нячыстае, як кажа Хрыстус, не ўвойдзе ў Божае Валадарства». «У чыстцы чалавек вельмі моцна церпіць з-за таго, што, ведаючы пра сваё збаўленне, не можа з яго скарыстаць і павінен чакаць, калі скончыцца час поўнага ачышчэння», — падкрэсліў іерарх.
Душы ў чыстцы, як нагадаў Мітрапаліт, самі не могуць перайсці да неба: «Яны павінны чакаць і цярпець, пакуль не ачысцяцца. Аднак Касцёл, які кіруецца ідэяй бязмежнай Божай міласэрнасці, укладае ў нашы рукі ключ, якім мы можам адчыніць нашым памерлым брамы неба. Гэтым ключом з’яўляюцца адпусты, якія на працягу ўсёй актавы за памерлых мы можам кожны дзень атрымаць і ахвяроўваць за іх». «Нашы памерлыя — гэта наша гісторыя, — адзначыў Мітрапаліт. — Калі б не было іх, не было б і нас. Не было б не толькі з біялагічнага, але таксама і з гістарычнага, культурнага і рэлігійнага пункту гледжання. Яны пакінулі пасля сябе багатую спадчыну, якой мы карыстаемся». Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас літургіі ва ўспамін усіх памерлых на мінскай Кальварыі. Арцыпастыр заклікаў быць удзячнымі сваім спачылым продкам праз малітву і ахвяраванне за іх адпустаў, каб такім чынам «адчыніць ім брамы раю».
(DN), (VGr) |
Фотарэпартаж |