Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзначаліў малітву за памерлых на каталіцкіх могілках Магілёва
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2016 17:02

Ужо другі год вернікі Магілёва збіраюцца 2 лістапада на каталіцкіх могілках па вуліцы Лазарэнкі — вядомых сярод мясцовых жыхароў як «Польскія могілкі», — каб пад кіраўніцтвам біскупскага вікарыя Магілёўскага рэгіёну біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB прайсці ў працэсіі і памаліцца за памерлых.

Гэтыя старажытныя могілкі ХVIII стагоддзя з'яўляюцца адной са славутасцяў Магілёва. Згодна з перапісам, праведзеным у 1997 годзе, на іх знаходзяцца 250 старажытных пахаванняў, большасць з якіх уяўляе культурную каштоўнасць. Эпітафіі на некаторых з іх напісаны на старапольскай мове, якой не карыстаюцца ўжо больш за 200 гадоў. Тут пахаваны нашчадкі старадаўніх польскіх шляхецкіх родаў, надмагіллі якіх — сапраўдныя творы мастацтваў. Аднак большасць з іх сёння знаходзяцца ў жудасным стане. На гэтых могілках спачывае таксама тагачаснае каталіцкае духавенства г. Магілёва.

У малітве за памерлых прынялі ўдзел душпастыры Магілёва, дэкан Магілёўскі кс. Віталій Драздоўскі, пробашч парафіі Св. Казіміра і св. Ядвігі айцец Раман Шульц OP і пробашч парафіі Божай Міласэрнасці кс. Вадзім Сурвіла, сёстры місіянеркі Святой Сям’і з магілёўскай катэдры, а таксама вернікі Магілёва.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі, звяртаючыся да прысутных, нагадаў пра сутнасць гэтай малітоўнай сустрэчы. «Існуе ў жыцці чалавека шлях, які складаецца з трох частак. Гэтым шляхам і ёсць наша зямное жыццё як вандраванне ў Дом Айца. Першая частка займае каля дзевяці месяцаў і без яе не могуць адбыцца наступныя часткі нашага жыцця. Даўжыню другой часткі мы не ведаем, і для кожнага яна розная. Гэтую частку павінен характарызаваць моцны заклік Езуса: “Чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны” (Мц 25, 13). Усе мы, прысутныя тут, перажываем другую частку нашага жыцця, якая распачалася пасля нараджэння. І, нарэшце, трэцяя частка, насамрэч ужо не частка, бо няма ў ёй часовага вымярэння. Гэта — Вечнасць. Пра яе сведчаць надмагільныя дошкі на могілках ва ўсім свеце. І сёння Касцёл як Маці заклікае нас, жывых, маліцца за памерлых, бо самі яны для сябе ўжо нічога не могуць зрабіць. Усе свае надзеі яны ўскладаюць на Бога і на малітву людзей, якія могуць выпрасіць для іх ласку вечнага шчасця ў раі», — падкрэсліў іерарх.

Удзельнікі працэсіі, молячыся Вяночак да Божай Міласэрнасці, выпрошвалі ласку неба для памерлых, целы якіх знайшлі свой апошні прыстанак на могілках Магілёва.

На заканчэнне біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну засяродзіў увагу на неабходнасці штодзённай малітвы за памерлых, а таксама на штодзённай падрыхтоўцы да вечнасці, бо «смерць кожнага з нас — самая пэўная рэчаіснасць у жыцці кожнага, і да яе трэба штодня рыхтавацца», як падкрэсліў іерарх.

Вечарам 2 лістапада ва ўсіх касцёлах горада Магілёва будуць цэлебравацца святыя Імшы за памерлых, а ў магілёўскай катэдры пройдзе жалобная працэсія, падчас якой на паасобных прыпынках біскуп Яшэўскі разам са святарамі і вернікамі будзе маліццца за памерлых біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, бацькоў, блізкіх, загінулых у войнах і з прычыны тэрарыстычных актаў, а таксама за ўсіх памерлых.

Ян Багдановіч, (VGr)
Фота с. Наталлі Танковіч MSF

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.