Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў з пастырскай візітацыяй парафію ў Чавусах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.11.2016 17:44 |
З 3 па 4 лістапада парафію Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла наведаў з пастырскай візітацыяй дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB. Так супала, што ў гэтыя дні парафія прымала фігуру Маці Божай Фацімскай, перэгрынацыя якой трывае на Магілёўшчыне. Нягледзячы на ранішнюю гадзіну, шматлікія вернікі чавускай парафіі разам з біскупам і пробашчам парафіі а. Гжэгажам Ксёнжэкам SP чакалі прыбыцця фігуры з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Касцюковічах.
Візітацыя біскупа і перэгрынацыя фацімскай фігуры пачаліся ружанцовай малітвай, да якой заахвочвала Дзева Марыя, і працягнулася святой Імшой. У гаміліі іерарх растлумачыў, чым з’яўляецца біскупская візітацыя, і нагадаў пра сутнасць фацімскіх аб’яўленняў, засяроджваючы ўвагу на першай фацімскай таямніцы аб існаванні пекла.
«Пекла сапраўды існуе, і, як паказала Дзева Марыя тром пастушкам, яно не пустое. Таму сёння кожнаму з нас неабходна навяртанне, трэба адкінуць усялякі грэх, каб ласка неба стала нашым удзелам, — адзначыў біскуп. — Запрашаю ўсіх вас у гэтыя святыя дні прыходзіць да Маці. Запрашайце адведваць Яе і сваіх родных, блізкіх, знаёмых, суседзяў. Марыя не пытаецца пра нашу канфесійную ці ідэалагічную прыналежнасць, Яна прыходзіць як Маці і кожнаму жадае дапамагчы. Паглядзіце ў Яе вочы, поўныя любові, добразычлівасці і міласэрнасці, і наследуйце Яе цноты ў сваім жыцці».
Праграма пастырскай візітацыі біскупа ўключала ў сябе не толькі наведванне парафіяльнай святыні, але і знаёмства з чавускім рэгіёнам. Іерарх наведаў экспазіцыю Чавускага музея, а таксама сустрэўся са старшынёй Савета Дэпутатаў Анатолем Мацюліным і прыняў удзел у круглым стале, на якім абмяркоўваліся магчымасці супольнага служэння мясцовым людзям. У той жа дзень біскуп наведаў мясцовы шпіталь і сустрэўся з вернікамі чавускай парафіі. Іерарх не толькі звярнуўся да вернікаў з адмысловай прамовай, але і адказаў на іх шматлікія пытанні. Біскуп заахвоціў «быць сведкамі Бога і сваёй веры ў кожным асяроддзі, шануючы Эўхарыстыю, і цаніць спатканне з Богам падчас кожнай нядзельнай святой Імшы».
У другі дзень візітацыі іерарх наведаў раённую бібліятэку ў Чавусах, у фондах якой знаходзяцца 242 пазіцыі, якія датычаць каталіцкай літаратуры. Важным было і наведванне сацыяльнага цэнтра ў Чавусах, у якім у супрацоўніцтве з архідыяцэзіяльным «Карытас» нясе сацыяльнае служэнне мясцовы пробашч а. Гжэгаж Ксёнжэк SP.
Біскуп наведаў таксама католікаў у вёсцы Бясчынне Чавускага раёна. Скончылася візітацыя вечаровай святой Імшой, падчас якой іерарх маліўся у інтэнцыі душпастыра і вернікаў, просячы Божага благаслаўлення для парафіі. (AYA), (IL) |
Фотарэпартаж |