Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Бабруйску маліліся за спачылае духавенства Магілёўшчыны
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.11.2016 12:33

У Бабруйску ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі 7 лістапада адбылася пастырская сустрэча духавенста і кансэкраваных асоб Магілёўшчыны. У межах сустрэчы на мясцовых могілках маліліся за спачылае духавества.

Супольная малітва духавенства і вернікаў за памерлых іерархаў, прэзбітэраў і кансэкраваных асоб Магілёўшчыны стала ўжо важнай традыцыяй у Магілёўскай частцы архідыяцэзіі.

Узначаліў малітву біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. 

Пастырская сустрэча распачалася супольнай малітвай Літургіі Гадзінаў і прамовай духоўнага айца рэгіёну ксяндза Андрэя Далянскага. Галоўнай думкай прамовы быў заклік да духавенства не паддавацца спакусе стаць падобнымі да садукеяў: «Нам неабходна паглядзець на сваё служэнне не як на працу, а як на сапраўдную службу Богу і людзям. Важна, каб прыярытэтамі нашага жыцця былі не зямныя даброты, якія прамінаюць і сведчаць аб недаверы Богу, а каштоўнасці святога Евангелля, якія трываюць і вядуць да неба».

Цэнтрам сустрэчы стала cвятая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, і на якой сабраліся шматлікія вернікі. Іерарх нагадаў асноўную інтэнцыю душпастырскай сустрэчы менавіта ў актаву малітвы за памерлых — «даверыць Божай Міласэрнасці спачылае духавенства Магілёўшчыны». Падчас набажэнства былі зачытаны імёны і прозвішчы духоўных асоб, якія служылі на гэтай зямлі.

У гаміліі біскуп адзначыў, што кожны запрошаны «любіць Бога ўсім розумам, усімі пачуццямі і сваёй воляй, любіць Бога ўсім сабою, усім, чым толькі можаш любіць». Рэалізацыя гэтай запаведзі любові дапаможа пазбегнуць пагрозы стаць падобнымі да садукеяў — святарскай эліты, якая працуе, а не служыць, ставіць зямныя даброты вышэй за духоўныя і не давярае Богу.

Іерарх заўважыў, што «калі няма сапраўднай любові да Бога, то ўся наша рэлігійнасць павярхоўная і можа знікнуць у імгненне, бо без любові да Бога ўсе нашыя ахвяры, традыцыі, малітвы, пасты, перэгрынацыі, пастырскія сустрэчы і парафіяльныя ўрачыстасці становяцца проста пустымі».

Пастырская сустрэча супала з перэгрынацыяй фігуры Маці Божай Фацімскай. Таму напрыканцы святой Імшы быў зачытаны акт аддання Магілёўскай зямлі заступніцтву Багародзіцы.

Пасля Эўхарыстыі прайшла сустрэча духоўных асобаў з біскупам, падчас якой былі абмеркаваны некаторыя душпастырскія справы, у тым ліку завяршэнне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці ў магілёўскай катэдры 13 лістапада у 11.00 і адкрыццё памятнага юбілейнага знаку.

На завяршэнне пастырскай сустрэчы святары, кансэкраваныя асобы і вернікі наведалі Мінскія могілкі ў Бабруйску, дзе знаходзяцца магілы каталіцкіх душпастыраў Бабруйска.

Наступная пастырская сустрэча адбудзецца супольна для ўсяго духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў мінскай катэдры ў сераду 21 снежня.

Ян Багдановіч, KB
Фотаздымкі Паўла Леановіча

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.