Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч на сустрэчы душпастыраў: людзі хочуць бачыць у нас правадыроў у складаных духоўных лабірынтах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.11.2016 16:37

10 лістапада ў Мінску прайшла душпастырская сустрэча святароў і законнікаў, якія нясуць служэнне ў Мінскай вобласці. Падчас літургіі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, прысутныя маліліся за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У гэты дзень Каталіцкі Касцёл успамінае св. Леона Вялікага, Папу і доктара Касцёла, які выконваў служэнне намесніка св. Пятра ў 440-461 гг.

«Адзначаўся ён надзвычайнай пастырскай руплівасцю, моцнай і непарушнай верай, якую захоўваў і бараніў. Шмат увагі надаваў захаванню еднасці Касцёла. Яго папулярнасць і дзейнасць былі такімі значнымі, што яго называлі Леонам Вялікім. Хоць і прайшло больш за паўтара тысячагоддзі ад часу, калі св. Леон кіраваў Паўсюдным Касцёлам, яго прыклад і вучэнне застаюцца актуальнымі», — падкрэсліў у гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч, а таксама нагадаў, што «ў вачах Бога ўсе хрысціяне пакліканы быць вялікімі».

Як адзначыў іерарх, людзі ўважліва глядзяць найперш на святароў і кансэкраваных асобаў, «робяць свае высновы з нашых паводзін, прыкладу малітвы і веры».

«Людзі хочуць бачыць у нас сапраўдных духоўных кіраўнікоў у складаных духоўных лабірынтах іх жыцця», — падкрэсліў арцыпастыр.

Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас душпастырскай сустрэчы ў мінскім Чырвоным касцёле.

Мітрапаліт Кандрусевіч таксама нагадаў, што яшчэ не так даўно «святар ці законніца асацыяваліся са святасцю», хоць часам «звычайны працаўнік больш святы за святара». «Людзі лічыліся з іх меркаваннямі адносна таго ці іншага пытання, — працягваў іерарх. — Мы добра ведаем, што святар не спецыяліст ва ўсіх пытаннях і такім не павінен быць. Яго заданне іншае — быць спецыялістам у справе спаткання чалавека з Богам».

«Сёння мы молімся за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Молімся за тых, якія ў цяжкіх абставінах ганенняў не толькі захавалі веру на нашай зямлі, але яе распаўсюджвалі і ўмацоўвалі. Яны “раздвойваліся”, каб толькі данесці Евангелле да людзей, каб даць ім магчымасць спаткацца з Богам у сакрамэнтах... Узгадаем, якімі яны былі, чаму нас вучылі, як захоўвалі сваю святарскую ідэнтычнасць у часы ганенняў», — заклікаў прысутных арцыпастыр.

«З удзячнасцю схіляючы свае галовы з памяццю пра іх, мы разумеем, што без іх, не было б нас. Няхай добры Бог адудзячыць ім вечным шчасцем за іх вернасць святарскаму пакліканню», — дадаў іерарх.


Наступная пастырская сустрэча пройдзе ў мінскай архікатэдры 21 снежня.

(DN), (VGr)
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.