| 
  13 лістапада на могілках у Тарасаве пад Мінскам прайшла цырымонія ўскладання вянкоў і кветак на магілу ахвяраў Першай сусветнай вайны, дзе знайшлі свой спачын больш за тысяча ваеннапалонных з Германіі, Румыніі, Чэхіі, Аўстрыі, Польшчы, Югаславіі, Венгрыі, Францыі і Балгарыі. 
Гэты дзень, зацверджаны ў 1919 годзе, лічыцца ў Германіі днём народнага смутку, служачы напамінам пра неабходнасць прымірэння.   
  
 
   
 У памятнай цырымоніі прынялі ўдзел паслы і прадстаўнікі дыпламатычных місій Германіі, Польшчы, Балгарыі, Расіі, Румыніі і іншых краін. Узначаліў цырымонію пасол Германіі ў Беларусі Пэтэр Датмар, які выступіў перад прысутнымі з адмысловым словам: 
  «Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб падобнае не паўтарылася, — сказаў пасол. — Дзень народнага смутку — гэта не толькі дзень мёртвых, але і дзень жывых. Такія месцы, як гэта, нясуць у сабе канкрэтнае пасланне ўсяму свету — спрыяць захаванню міра».  
  «Важна, каб такія паняцці як “мір” і “свабода” былі не проста прыгожымі словамі, але заставаліся нашымі каштоўнасцямі», — падкрэсліў Петэр Датмар.
 Таксама на цырымоніі прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. 
  «Гісторыя вучыць нас не адмаўляцца ад нашай адказнасці, — сказаў прадстаўнік Папы. — Каб сказаць адзін аднаму “брат”, трэба падняць вочы да неба і прызнаць, што ўсе мы з’яўляемся Божымі дзецьмі».  
  У памяць аб ахвярах войнаў іерарх зачытаў малітву на беларускай мове, пасля чаго супольна з прысутнымі памаліўся «Ойча наш».
  Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы беларускага прадстаўніцтва Народнага саюза Германіі па доглядзе ваенных пахаванняў.
  Ілья Лапато, фота аўтара
 
  
 |