Фармацыйная сустрэча святароў да 5 гадоў святарства прайшла ў Пінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
18.11.2016 15:12 |
Фармацыйная сустрэча святароў праходзіла з 14 па 17 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. У ёй прынялі ўдзел святары, якія атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне менш за пяць гадоў таму і належаць да духавества Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.
Ксёндз прэлат Андрэй Стэцкевіч, біскупскі вікарый па справах духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прамаўляў да маладых святароў на тэму духоўных аспектаў святарскага служэння. Ксёндз Дзмітрый Пухальскі, канцлер Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, на працягу трох дзён выступаў з серыямі дакладаў на тэмы кананічных і душпастырскіх нюансаў, з якімі сутыкаюцца святары, калі да іх звяртаюцца вернікі з просьбай аб удзяленні сакрамэнту хросту і благаслаўленні сужэнства.
У перадапошні дзень сустрэчы святары наведалі крыпту пінскай катэдры, у якой пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк, і магілы святароў на пінскіх могілках. |