Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас радыё-Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння |
25.12.2016 08:40 |
НЕМАЎЛЯТКА ЕЗУС, БЛАГАСЛАВІ БЕЛАРУСЬ Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Сардэчна вітаю ўсіх вас гэтым радасным воклічам раніцай ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Вітаю прысутных у мінскай архікатэдры і тых, хто знаходзіцца пры радыёпрыёмніках. У Кнізе Рымскага мартыралогу, якая ўвекавечвае святых, нараджэнне Хрыста пазначана наступнымі словамі: «У сямсот пяцьдзясят другім годзе ад заснавання Рыма, у сорак другім годзе праўлення Актавіяна Аўгуста, у шостую эпоху свету ў Бэтлееме з Дзевы Марыі нарадзіўся Езус Хрыстус — Сын спрадвечнага Айца». Сёння мы разам з бэтлеемскімі пастушкамі спяшаемся да батлейкі, каб убачыць, што там сталася, і пра што нам аб’яўляе Евангелле. Мы бачым там Немаўлятка Езуса, Марыю, Юзафа, хатніх жывёлаў і разам з анёламі спяваем: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі». Спяваем Езусу, таму, які быў ад пачатку, які ёсць і які прыходзіць. Дзякуючы цуду Бэтлеемскай ночы Бог стаўся чалавекам. Ён прыйшоў у наш свет з чалавечым абліччам і чалавечым сэрцам, каб быць Богам з намі. 2. Пра гэта свету абвясцілі анёлы. Да Яго пабеглі пастушкі, каб убачыць гэты цуд над цудамі і потым абвяшчаць яго свету. Прыбылі тры каралі з Усходу. Зямля пазначылася слядамі тых, якія ішлі Яго адведаць. У пергаментных дзяржаўных кнігах цэзара з’явілася імя: «Езус». У Ерузалемскай святыні Яго пазнаў старац Сімяон і прарочыца Ганна. Пазналі Яго сінагогі. Знаўцы Святога Пісання дзівіліся Яго розуму. Але ў той жа час Яго родны Назарэт амаль нічога не ведаў пра Яго. Да таго, як Езус учыніў цуд перамянення вады ў віно, Яго ніхто не ведаў у Кане Галілейскай. Прыйшоў да сваіх, але яны не прынялі Яго. Пра гэта нагадвае нам св. апостал Ян у сённяшнім Евангеллі. Ён са смуткам глядзіць, як свет, створаны Богам, не пазнаў свайго Створцу, і Ён стаў яму чужым. У жыцці мы часта карыстаемся словам «свой» і добра ведаем, што яно азначае. «Свой» — гэта хтосьці блізкі, добра вядомы, каго мы пазнаём здалёк: яго сілуэт, хада, голас, стук у дзверы — усё нам у ім знаёма. Калі на пытанне «хто там?» мы чуем у адказ «свой», то з радасцю адчыняем дзверы. 3. Святы апостал Ян кажа, што тым, хто Яго прыняў, Ён даў моц быць Божымі дзецьмі. Прыняў Яго сотнік з Кафарнаўма, і мы паўтараем яго словы падчас св. Імшы: «Пане, я не варты, каб ты прыйшоў да мяне…» Прыняла жанчына хананеянка, якая прасіла аздаравіць яе дачку. Прыняў мытнік Левій, які стаў апосталам Мацвеем. Прыняла публічная грэшніца, якую Ён не асудзіў. Прынялі простыя галілейскія рыбакі, якія сталі апосталамі, — рыбакамі душ чалавечых. Святы апостал Ян кажа, што Слова сталася целам і пасялілася сярод нас. Ці мы можам сказаць, што Езус прысутны сярод нас і ці мы прымаем Яго? Можа, Яго ласка была дадзена нам дарэмна? Можа, мы ходзім у касцёл, спяваем калядкі, наведваем яслі толькі таму, што такая традыцыя? Можна паставіць шмат падобных пытанняў, на якія Езус чакае адказу. Ад гэтага адказу залежыць наша духоўнае жыццё і вечнасць. Нельга задаволіцца святамі, якія прыходзяць і праходзяць, не пакідаючы ў нашых сэрцах свайго следу. Таму нельга не адказаць на пытанне, ці прымаем мы Езуса, ці з’яўляецца Ён для нас сваім, які праз служэнне Касцёла прыходзіць на нашу зямлю, што больш за 1000 гадоў таму прыняла хрысціянства? Бог стаўся чалавекам, каб мы былі падобнымі да Яго. Божае Нараджэнне з’яўляецца дарам і ласкай, але адначасова і заданнем, каб Езус сваёй ласкай нараджаўся ў нашых сэрцах, каб мы прымалі Яго праз згоднае з Яго вучэннем жыццё. Наш вялікі паэт і зямляк Адам Міцкевіч казаў: «Чалавек, ты верыш, што Бог нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні, але бяда табе, калі ён не народзіцца ў тваім сэрцы». Таму Божае Нараджэнне не павінна ўспрымацца толькі як гістарычная падзея, але як рэальнасць нашага часу, калі Езус сваёй ласкай нараджаецца ў нашых сэрцах і праз нас — у нашым грамадстве. Са святам, дарагія браты і сёстры! Віншую ўсіх вас. Віншую прадстаўнікоў іншых канфесій, якія сёння з намі адзначаюць гэтае свята. Віншую нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць святкаваць Раство Хрыстовае. Віншую ўсіх людзей добрай волі. На святы Божага Нараджэння і на надыходзячы Новы 2017 год жадаю поўні Божага благаслаўлення, Хрыстовага супакою, радасці і шчасця. Нямаўлятка Езус, падымі сваю руку і благаславі нас і нашу Бацькаўшчыну, Беларусь. Амэн. |