Біскуп Аляксандр Яшэўскі: «Будзем сынамі Святла, а не цемры» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.12.2016 14:57 |
У вігілію Божага Нараджэння біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве. На ўрачыстай Эўхарыстыі сабраліся шматлікія вернікі з усяго Магілёва. Разам з іерархам Эўхарыстыю канцэлебравалі кс. Віталій Драздоўскі — дэкан Магілёўскага дэканату і пробашч катэдральнай парафіі, кс. Павел Беразун — вікарый парафіі, кс. Вадзім Сурвіла — пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Магілёве, кс. Аляксандр Шупенька — пробашч шклоўскай парафіі, і кс. Дзяніс Бразінскі — сакратар біскупа. Пасля абвяшчэння нараджэння Пана фігурка Езуса была пакладзена ў яслі, падрыхтаваныя ў бочнай капліцы. У гэты час, дзеля набліжэння рэчаіснасці той Святой Ночы, у касцёле гучаў плач немаўлятка.
Падчас гаміліі іерарх, канцэнтруючы ўвагу на першым чытанні з кнігі прарока Ісаі, запрасіў прысутных паразважаць на тэму святла і цемры. «Людзі цемры — гэта тыя, хто не бачыць Святла. Ведаюць, што яно ёсць, аднак не прымаюць яго і застаюцца жыць у цемры бязвер’я і граху, не жадаючы змяніць сваё жыццё. Мы павінны жыць ў Святле, крочыць у святле Божай праўды», — нагадаў біскуп. «Для нас, людзей святла, гэтая ноч становіцца сапраўднай ноччу перамянення, ноччу Святла. Напаўняйце гэтым Святлом свае сэрцы. Нясіце яго ў свае сем’і, месцы працы, у сваё штодзённае жыццё. Не бойцеся, бо, як сказаў Хрыстус, Ён з намі ажно да сканчэння свету, і толькі з Ім можна перамагчы цемру, якая нас агортвае», — пажадаў біскуп Аляксандр на заканчэнне гаміліі.
Напрыканцы святой Імшы біскуп Аляксандр павіншаваў са святам Божага Нараджэння святароў, сясцёр законных і вернікаў: «Няхай урачыстасць Божага Нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у cваім Сыне. Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашыя сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды». Карыстаючыся тым, што на свята ў касцёл прыйшло шмат і непрактыкуючых вернікаў, біскуп звярнуўся да прысутных з заклікам заўсёды трываць з Богам: «Запрашайце Бога ў сваё жыццё не толькі ад свята да свята, але жывіце з Ім кожны дзень. Перадавайце веру дзецям і моладзі, і такім чынам вера магілёўскага люду адновіцца і будзе зноў ззяць святлом, якое паходзіць ад самога Бога», — пажадаў іерарх.
Пасля святой Імшы біскуп разам з іншымі святарамі і законнымі сёстрамі падзяліўся аплаткай з сабранымі ў катэдры вернікамі. У гэтыя хвіліны катэдральная парафія была падобная на адну вялікую сям’ю, якая, раздзяліўшы радасць літургічнай сустрэчы з Нованароджаным, працягвала дзяліцца гэтай радасцю, віншуючы адно аднаго падчас ламання аплаткай. Ян Багдановіч |
Фотарэпартаж |