Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Хоць маленькага мы росту, верым мы ў Бога проста»: у мінскім Чырвоным касцёле дзеці прадставілі калядную батлейку (+відэа)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.01.2017 11:21

У апошні дзень актавы Божага Нараджэння ў мінскай парафіі Свв. Сымона і Алена дзеці, якія займаюцца пры Місіі добрага Самараніна св. Уршулі Ледухоўскай, прадставілі калядную батлейку.

Тэатральная пастаноўка, прысвечаная Божаму Нараджэнню, прайшла адразу пасля святой Імшы, якую для дзяцей і іх бацькоў узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Разам з бацькамі юных акцёраў іерарх стаў адным з галоўных гледачоў дзіцячай батлейкі. Тэатральную прэм'еру наведалі і журналісты Catholic.by.

За месяц да прэм'еры

За месяц да прэм'еры выхаванцы Місіі добрага Самараніна актыўна рыхтаваліся да прэм'еры будучай батлейкі, вучачы на памяць словы і рэпетуючы спевы.

Журналістаў дзеці сустрэлі тады вельмі прыязна, расказваючы пра ўсе свае навіны і радасці. І як ёлачку ўпрыгожвалі, і якія добрыя ўчынкі рабілі.

«А нам святы Мікалай пакінуў пісьмо!..», «Мы яго не бачылі, але ў капліцы былі яго сляды. Гэта быў св. Мікалай!», «Мы ходзім на Рараты: яшчэ цёмна, але мы ідзём са свечкамі, каб паказаць Богу, хто Яго чакае…»


На пытанне журналіста, ці пакінуў св. Мікалай для дзяцей падарункі, маленькія гарэзы ў адзін голас пацвердзілі: так, а там на шафе яны і ляжаць.

«Там пасудка!..», «І кубікі!», «І чыгуначная дарога!»

Выхавацелька Алена Бразгоўка дастае з шафы падарункі св. Мікалая і дзеці, радасна падскокваючы, пачынаюць разбіраць посуд і кубікі, а затым складаюць чыгунку.

«Я буду авечкай»

Спрабуючы разгаварыць дзяцей, цікавімся, а як жа выглядае святы Мікалай.


«Святы Мікалай вельмі добры!», «Ён з барадой і раздае дзецям падарункі».

«А хто носіць на галаве мітру?» — пытаемся ў дзетак, спрабуючы ізноў падвесці да святога Мікалая. Праз колькі імгненняў адна з дзяўчынак нясмела дадае: «Не я…»

Расказвалі дзеці і пра свае ролі ў батлейцы. «Я буду авечкай!», «А ў мяне шапка лісічкі. Буду ёй!»


«Ойча наш…» на памяць у …пяць гадоў

Дзеці старэйшай групы Місіі добрага Самараніна занятыя маляваннем. Алоўкамі розных колераў кожны стараецца як найлепш перадаць абрысы анёлаў. У кагосьці ён кучаравы, у іншага вельмі вялікі, а хтосьці малюе анёльскую сям'ю.


Бачна, што старэйшая група на тое і старэйшая, — дзецям у ёй па пяць, па шэсць гадоў, таму і разумеюць больш. Рыхтуюцца да батлейкі і тут. «У мяне будзе роля Марыі!», «А ў мяне словы караля».

На пытанне, ці ведаюць яны якія малітвы, дзеці, не згаворваючыся, пачынаюць паўтараць на памяць малітву «Ойча наш…»

Добра ведаюць тут і пра тое, што толькі паслухмяныя дзеткі атрымліваюць ад св. Мікалая падарункі. «Я сябе добра паводзіла, — расказвае адна з дзяўчынак. — Дапамагаю маме мыць посуд. А яшчэ падлогу». «А я хаджу разам з мамай за пакупкамі. Каб ёй не было цяжка».

Што такое Місія добрага Самараніна?

Місія добрага Самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай, якой апякуюцца сёстры ўршулянкі, дзейнічае пры мінскай архікатэдры і Чырвоным касцёле з 2011 года. Місію наведваюць дзеткі дашкольнага ўзросту, дзе ў ігравой форме знаёмяцца са Святым Пісаннем, развучваюць асноўныя малітвы і песні. А яшчэ малююць, лепяць, танцуюць, займаюцца матэматыкай і вучаць англійскую і польскую мовы.


На фота: дырэктар «Місіі добрага Самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай» — уршулянка с. Часлава Навіцкая USJK

Важным складнікам такога развіцця з'яўляецца і ўхіл на беларускую мову. Сёстры і валанцёры, якія дапамагаюць пры Місіі добрага Самараніна, размаўляюць з дзеткамі па-беларуску.

Святая Імша з Мітрапалітам

…На святой Імшы, якую ў мінскім Чырвоным касцёле 8 студзеня цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дзяцей і іх бацькоў было шмат. Падчас гаміліі іерарх выйшаў да дзяцей і «праэкзаменаваў» іх па пытаннях катэхезы.

Але маленькія дапытлівыя вочкі ведалі, здаецца, усё: і што за свята сёння, і хто такі Езус, і чым адметнае Божае Нараджэнне.

«Сёння святам Хросту Пана завяршаецца перыяд Раства Хрыстовага, аднак мы будзем працягваць спяваць радасныя калядкі і ўсхваляць цуд Нараджэння Збаўцы яшчэ амаль цэлы месяц — да 2 лютага, свята Ахвяравання Пана ў Ерузалемскай святыні», — адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп распавёў дзецям дзве гісторыі, у адной з якіх апісваўся выпадак з жыцця старога пастуха і яго ўнука, які іграў на трубе і вельмі хацеў годна прывітаць караля, які быў бы з каронаю, сярэбраным мячом і вельмі магутны.


Але дзядуля пачаў пытаць унука: ці будзе той іграць каралю, які не будзе мець залатой кароны, не будзе мець сярэбранага мяча, не будзе ехаць на прыгожым кані?

«Не, — адказаў унук, — такому каралю я не буду іграць. Мой кароль павінен быць самым моцным у свеце, каб мне ўсе зайздросцілі».
Пастуху было прыкра і сумна. Вядома, што кароль, якога чакаем, не будзе мець залатой кароны, мяча і каня, але будзе мацнейшы за зямных каралёў. Як гэта ўсё растлумачыць дзіцяці?

І калі аднойчы ўначы над Бэтлеемам з’явілася новая зорка, анёл абвясціў пастуху, што нарадзіўся Збаўца. Тады ён разбудзіў унука і сяброў пастухоў. Унук узяў сваю трубу, але калі ўсе разам пабеглі ў Бэтлеем і ў стайні сярод хатніх жывёлаў убачылі немаўлятка і Святую Сям’ю, хлопчык не захацеў іграць Езусу.

Маленькі музыка выйшаў з Бэтлеемскай гроты і, раззлаваны, пабег прэч. Але ўвесь час ён чуў плач дзіцяці, якое засталося ў стайні. Плач быў настолькі моцны, што хлопчыку стала шкада дзіцятка. Ён вярнуўся і зайграў на трубе. Пасля гэтага ўбачыў, як немаўля ўсміхнулася. Хлопчык адчуў вялікую радасць і зразумеў, што ўсмешка гэтага дзіцяці больш вартая, чым золата і срэбра цэлага свету.

Гамілія цалкам ТУТ››

«Дарагія дзеці! Такое шчаслівае заканчэнне гэтага аповеду. Але ён вучыць нас, што трэба з любоўю ставіцца да ўсіх людзей: да мамы і таты, да сяброў у садку і школе, да кожнага чалавека.

Папросім жа Немаўлятка Езуса, каб умацоўваў вас ва ўсе дні гэтага новага года, каб вы з кожным днём станавіліся лепшымі і больш мілымі Богу, каб былі радасцю і надзеяй для вашых бацькоў, Касцёла і Радзімы», — пажадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

«Прыйдзе час і Божы Сын уратуе нас»

Пасля святой Імшы ўсіх чакала калядная батлейка, якую рыхтавалі дзеці. Так, гледачы, сярод якіх было шмат бацькоў юных акцёраў, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, пабачылі на сцэне сапраўднае тэатральнае дзейства. З зачынам, кульмінацыяй, развязкай і эпілогам.


«...Але маем мы надзею, што прыйдзе час, і Божы Сын уратуе нас!» — дэкламавалі са сцэны юныя артысты.


Танец авечак, трох пастушкоў, прыход трох каралёў — юныя акцёры, нягледзячы на свой маленькі ўзрост, здолелі перадаць увесь сюжэт і драматургію няпростых падзей, з якіх больш за дзве тысячы гадоў таму пачыналася гісторыя хрысціянства.


«Хоць маленькага мы росту, верым мы ў Бога проста — сэрцы аддаём Яму» — такім быў эпілог батлейкі.


У завяршэнне арцыбіскуп зачытаў на сцэне ліст ад святога Мікалая, пасля чаго, падзякаваўшы ўсім маленькім акцёрам, уручыў ім салодкія падарункі. Напрыканцы дзяцей і іх бацькоў чакала аплаткавая сустрэча з іерархам.

Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.