Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Стаць соллю праўды і любові для гэтага свету». Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў мінскай архікатэдры (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
16.01.2017 12:49

15 студзеня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў у касцёле Імя Найсвяешай Панны Марыі ў Мінску сакрамэнт канфірмацыі (бежмавання) 35 вернікам. Сакрамэнт прынялі вернікі катэдральнай парафіі і некаторых іншых парафій Мінска.

Іерарх нагадаў у сваёй гаміліі пра значэнне сакрамэнту канфірмацыі, звярнуўшы ўвагу, што Рымска-каталіцкі Касцёл у звычайных выпадках не ўдзяляе яго пры хросце дзяцей, як гэта прынята ў Праваслаўных Цэрквах і ва ўсходніх Каталіцкіх Касцёлах, а чакае, калі хрысціянін дасягне больш сталага ўзросту.   

У сакрамэнце канфірмацыі, як падкрэсліў біскуп, вернікам удзяляюцца асаблівыя ласкі Духа Святога, неабходныя для духоўнага росту і прыпадабнення да Хрыста. Гэты сакрамэнт умацоўвае вернікаў, каб яны давалі сведчанне пра Хрыста і будавалі Касцёл.

Такім чынам, звярнуў увагу біскуп Юзаф, Касцёл з надзеяй глядзіць на тых, хто ўжо прыняў усе тры сакрамэнты хрысціянскай ініцыяцыі: хрост, Эўхарыстыю і канфірмацыю. «Ад вас Касцёл чакае, што вы будзеце сапраўднымі і самастойнымі членамі Касцёла, якія нясуць за яго адказнасць. У першую чаргу вы можаце чыніць гэта праз прыклад свайго жыцця, які будуць бачыць іншыя. Дух Святы дакранаецца да вас, каб вы ішлі ў свет і неслі ў яго соль праўды і любові».

Напрыканцы літургіі прадстаўнікі групы канфірмаваных выказалі ўдзячнасць Богу і тым, хто іх рыхтаваў да сакрамэнту, за гэты вялікі дар, які яны прынялі праз паслугу біскупа Станеўскага.


кс. Кірыл Бардонаў, фота аўтара


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.