Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў межах пастырскай сустрэчы ў Мінску |
19.01.2017 11:39 |
Парафія Св. Яна Хрысціцеля, Серабранка Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! Прыходжу, Пане, споўніць Тваю волю. 1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма сённяшняй святой Імшы нібы адмыслова дадзены нам Божым Провідам, каб мы як святары, кансэкраваныя асобы і вернікі засяродзіліся над тым, як самі выконваем Божую волю і як служым людзям, да якіх пасланыя. Езус пакінуў нам дасканалы прыклад паслухмянасці Божай волі. Яго заданнем было абвяшчаць Божае Валадарства. І Ён гэта чыніў, найперш праз прыклад малітвы і праз сваю апостальскую дзейнасць. Ён не толькі абвяшчаў Божае слова, але таксама ішоў да патрабуючых і служыў ім, чыніў цуды аздараўлення цела і душы. Не цураўся ісці да грэшнікаў, пры гэтым кажучы, што лекар патрэбны не здароваму чалавеку, а хвораму. Урэшце, у імя бязмежнай любові да людзей Ён без ваганняў аддаў сваё жыццё дзеля іх збаўлення. 2. Прыклад жыцця і служэння Езуса павінен быць прыкладам для кожнага з нас. Ён паклікаў нас да святарства і кансэкраванга жыцця і жадае, каб мы, падобна Яму, выконвалі свае абавязкі. Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як за Езусам ішоў вялікі натоўп людзей з розных бакоў. Гэта былі людзі пакінутыя, якія цярпелі і знаходзіліся на перыферыі жыцця. Яны адчувалі, што Езус прыйшоў, каб прынесці палёгку ў іх цярпенні, вылечыць ад хваробаў і даць надзею. Таксама сёння, у часы, калі чалавек спадзяецца толькі на сябе, на матэрыяльныя каштоўнасці і веды, калі імкнецца да задавальненняў і ўсё часцей жыве ў віртуальным свеце, яму патрэбна духоўная дапамога. 3. У мінулую нядзелю «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр свв. Мятода і Кірыла», які належыць Беларускай Праваслаўнай Царкве, адзначаў 20-гадовы юбілей, спалучаны з вечарам Божага Нараджэння. Па традыцыі з гэтай нагоды былі ўручаны прэміі найбольш заслужаным супрацоўнікам цэнтра. Сярод іх лаўрэатка Таццяна Кароткая — прафесар кафедры філасофіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, спецыяліст у галіне рэлігіязнаўства. У сваёй прамове яна звярнула ўвагу на неабходнасць несці сучаснаму чалавеку веды не толькі пра матэрыяльны свет і яго справы, але і веды, якія знаходзяцца па-за ім — якія засяроджваюць увагу на метафізіцы. Гэта азначае, што неабходна рыхтаваць не толькі добрых спецыялістаў у той ці іншай галіне гаспадаркі, але таксама рыхтаваць іх быць здольнымі да адказу на важныя пытанні жыцця. Памятаю аднойчы падчас сустрэчы з вучонымі і студэнтамі ў маскоўскай катэдры адзін студэнт сказаў, што навучальны працэс у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце мае вельмі высокі ўзровень, але ніхто не вучыць быць чалавекам. Калі пра неабходнасць духоўнага элементу ў свецкай адукацыі кажа свецкі прафесар і студэнт, то мы тым больш павінны думаць пра гэта. 4. Сучасны чалавек падобны да людзей з сённяшняга Евангелля, якія імкнуліся да Езуса. Яны адчувалі голад веры. Яны страцілі надзею і шукалі паратунку. Тое ж самае мы бачым сёння. Колькі людзей, якія адчуваюць сябе згубленымі ў гэтым жыцці, асабліва маладых! А колькі тых, хто не ведае сэнсу свайго жыцця. Колькі жыве ў віртуальным і ілюзорным свеце. Колькі знаходзіцца ў грахоўным балоце. Колькі ў алкагольнай і наркатычнай залежнасці. Часам ім здаецца, што яны шчаслівыя. Але гэтае шчасце мінае хутка, як мыльны пузыр, і настае горкая расплата, боль і слёзы. Гэтыя людзі чакаюць нашай дапамогі, так як чакалі людзі з сённяшняга Евангелля. Што зрабіў Езус? Ён сеў у човен і навучаў з яго. Вядома, што вада разносіць голас чалавека, і ён чутны далёка. Другая прычына, па якой апосталы былі з Езусам у адным чаўне, заключаецца ў тым, што там яны былі разам, бо ў чаўне мала месца і ўсе знаходзяцца блізка адзін да аднаго. Гэта лекцыя і для нас. Менавіта ў лучнасці з Езусам мы павінны ўвайсці ў вобразны човен на беразе нашай парафіяльнай супольнасці і служыць людзям. Секулярызм у самых розных формах урываецца ў нашае жыццё. Так, напрыклад, падчас V Еўрапейскага каталіцка-праваслаўнага форуму, што праходзіў на мінулым тыдні ў Парыжы, было падкрэслена, што ў Еўрасаюзе прынята ажно 45 законаў, якія супярэчаць Божаму закону. Гэта выклікі нашага часу і на іх неабходна адказваць сёння, бо заўтра можа быць позна. Неабходна адказваць кожны дзень. Адказваць, выкарыстоўваючы самыя новыя аргументы, якія прыносіць нам жыццё і практыка Касцёла. 5. Спытаем сёння сябе: а як ёсць з намі? Ці заўсёды мы злучаныя з Хрыстом і ці знаходзімся з Ім у адным чаўне? Ці спяшаемся ў кожную хвіліну з дапамогай да нашых вернікаў? Ці знаходзім час, каб паспавядаць людзей? А можа, нашыя канфесіяналы пустуюць, бо нам не хочацца, бо, можа, думаем, што ніхто не прыйдзе, бо ў нас нечакана з’явіліся новыя абавязкі? Як бы мы рэагавалі, калі б прыйшлі ў паліклініку і не ўбачылі там урача? Падобна маюць права рэагаваць і вернікі. Ці рыхтуемся мы да св. Імшы і ці памятаем, што прамаўляем да людзей, а не сценам. А людзі маюць права на добра падрыхтаваную літургію і гамілію, а не ўзятую з інтэрнэту і не прыстасаваную да нашых абставінаў. Ці маем час паразмаўляць з людзьмі? А можа, хуценька спяшаемся дамоў, каб сядзець ля тэлевізара і ў інтэрнэце. Ці арганізавана дзяжурства і ці вызначаны гадзіны прыёму людзей. Ці клапоцімся пра пакліканні? Наведваючы парафіі, я не бачу на дошках аб’яў інфармацыі пра тое, што праводзяцца сустрэчы для тых, хто цікавіцца пакліканнем да святарства. А плакаты атрымалі ўсе пробашчы. Многія паціскаюць плячыма, маўляў, нічога не ведалі пра гэта. Як можна не ведаць, калі было столькі аб’яў і былі раздадзены плакаты. 6. Дарагія святары і кансэкраваныя асобы, мы адказныя за пастырства і за будучыню Касцёла. Ніхто не зняў з нас гэтага абавязку. Нездарма прымаўка кажа: які святар, такая і парафія. Мы распачалі Год Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Дзякуем Богу за іх ажыццяўленне. Гэта сапраўды вялікі дар. Але трэба памятаць, што гэта таксама і заданне. Не дазволім, каб яно было змарнавана. А гэта магчыма дзякуючы нашаму ахвярнаму служэнню. Марыя, Маці Божая Фацімская, выпрасі нам усім у твайго Сына ласку руплівага і вернага служэння людзям, каб мы вялі іх шляхам збаўлення. Амэн. |