Кс. Міхал Бубен пра душпастырства чыгуначнікаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.01.2017 12:33 |
Кожную трэцюю нядзелю месяца, пачынаючы ад лютага, у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл, вул. Савецкая, 15) будуць праходзіць сустрэчы для чыгуначнікаў. Распачынацца яны будуць св. Імшой у 11.00. Адказны за душпастырства чыгуначнікаў у Мінску — а. Станіслаў Станеўскі CSsR.
Велікодная сустрэча чыгуначнікаў (Маладзечна, 2016) Душпастырства чыгуначнікаў у Беларусі Iдэя заснавання душпастырства чыгуначнікаў зарадзілася ў 1991–1992 гг. у парафіі ў Парэччы. 20 гадоў таму душпастырства распачалося і ў Гродне пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка). Апекаваліся чыгуначнікамі айцы рэдэмптарысты. Як узгадвае кс. Міхал Бубен, адказны за душпастырства чыгуначнікаў у Маладзечне, чыгуначнікі былі аднымі з тых, хто зрабіў вялікі ўклад у тое, каб у Дзевятоўцы быў пабудаваны касцёл. «Там перад святыняй знаходзіцца і фігура св. Кацярыны Александрыйскай, апякункі чыгуначнікаў і працаўнікоў авіяцыі», — дадае кс. Міхал. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі існуюць тры пляцоўкі душпастырства чыгуначнікаў: у Мінску, Маладзечне і Магілёве. Жнівеньская пілігрымка ў гудагайскі санктуарый (2016) Душпастырства апякуецца не толькі машыністамі, але і ўсімі працаўнікамі вакзалаў. Сутнасць пастырства заключаецца ў духоўным клопаце як пра чыгуначнікаў, так і пра іх сем’і.
Жнівеньская пілігрымка ў гудагайскі санктуарый (2016) Як распавёў кс. Міхал, душпастырства прапануе супольнасці чыгуначнікаў выезды, пілігрымкі, рэкалекцыі, сустрэчы кожны месяц, а падчас іх — удзел у св. Імшы, сугучную з дэвізам душпастырскага года катэхезу, арганізацыйную сустрэчу, магчымасць размовы са святаром і сустрэчу за кавай.
Беларуская дэлегацыя на Еўрапейскім Кангрэсе Чыгуначнікаў (Люблін, 2016) Акрамя гэтага беларускія чыгуначнікі штогод далучаюцца да польскай нацыянальнай пілігрымкі ў марыйны санктуарый у Чэнстахове, якая праходзіць у лістападзе з нагоды ўспаміну св. Кацярыны Александрыйскай.
Ксёндз Міхал адзначае, што ў Маладзечне ён «шукаў» працаўнікоў Беларускай чыгункі падчас калядаванняў па сем’ях, рабіў аб’явы ў касцёле пра існаванне душпастырства чыгуначнікаў. Беларуская група чыгуначнікаў, удзельнікаў велікапосных рэкалекцый у Вадавіцах (Польшча, 2016) «А некаторыя даведваюцца праз СМІ і ад знаёмых. Людзі прыходзяць. Хтосьці застаецца, хтосьці адыходзіць», — адзначае адказны за душпастырства чыгуначнікаў у Маладзечне і запрашае людзей чыгункі на сустрэчы ў Мінску, Маладзечне і Гродне.
Валянціна Грамыка |