Мітрапаліт Кандрусевіч у свята Ахвяравання Пана: кожны чалавек павінен быць ахвяраваны Богу |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.02.2017 19:24 |
2 лютага ў папулярнае ў Беларусі свята Ахвяравання Езуса ў Ерузалемскай святыні, якое больш вядомае пад назвай свята Маці Божай Грамнічнай, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў св. Імшу ў мінскай архікатэдры.
У гаміліі іерарх прыгадаў шматлікім вернікам, што асновай гэтага свята з’яўляюцца падзеі, пра якія нагадвае Евангелле. Згодна з законам Майсея, кожнага першароднага сына бацькі павінны былі ахвяраваць Богу ў святыні. «Пратаганістамі Евангельскага аповеду пра ахвяраванне Папа — акрамя Езуса, Марыі і Юзафа — з’яўляюцца старац Сімяон і прарочыца Ганна, якія чакалі прышэсця Збаўцы. Больш таго, Сімяон нават атрымаў абяцанне ад Бога, што не памрэ, пакуль яго вочы не ўбачаць Збаўцу», — адзначыў арцыпастыр. Абрад ахвяравання першароднага сына не азначаў, што ў будучым ён павінен стаць святаром. Гэта быў сівалічны жэст ахвяравання Богу таго, хто быў самым дарагім для бацькоў — першароднага сына. «Божы дар жыцця, які бацькі перадалі свайму дзіцяці, цяпер ахвяроўваўся Даўцу жыцця — Богу. Таму ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні з’яўляецца пачаткам ахвяравання Езуса свайму Нябеснаму Айцу, якое ва ўсёй паўнаце завяршылася на Кальварыі падчас Яго крыжовай смерці», — нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш. Свята Ахвяравання Пана адзначаецца як у заходнім, так і ва ўсходнім хрысціянстве. «Іканаграфія Усходу прадстаўляе сцэну ахвяравання Езуса ў святыні такім чынам, што паміж Марыяй і старцам Сімяонам знаходзіцца алтар — сімвал ахвяры. Менавіта над ім Марыя перадае Сімяону Немаўля», — падкрэсліў іерарх. Ад IV стагоддзя, як дадаў арцыпастыр, у Ерузалеме гэтае свята было вядома як свята спаткання Пана.
«У Ерузалемскай святыні Езус сустракаецца з усім чалавецтвам, якое прадстаўляюць старац Сімяон і прарочыца Ганна, — дадаў арцыбіскуп. — Натхнёны Святым Духам Сімяон сярод мноства дзяцей, якіх шчаслівыя бацькі прынеслі ў святыню, распазнае Збаўцу, бярэ Яго на рукі і кажа, што Ён з’яўляецца святлом для асвятлення язычнікаў і славаю народа Ізраэля. Гэтыя словы азначаюць, што Езус з’яўляецца Божым дарам як для язычнікаў, так і для Выбранага Народа. Ён тое святло, якое асвятляе людзей і вядзе іх у вечнае жыццё». Сімвалам гэтага святла з’яўляецца грамнічная свечка, якая асвячаецца ў свята Ахвяравання Пана. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што кожны — святар, кансэкраваная асоба ці свецкі чалавек — павінен быць ахвяраваны Богу: «Гэтае ахвяраванне распачынаецца падчас сакрамэнту хросту, потым працягваецца праз рэалізацыю місіі паклікання да сямейнага жыцця або да духоўнага стану». «Усё жыццё хрысціяніна — гэта яго ахвяра Богу. І трэба зрабіць усё магчымае, каб яна была Яму прыемнай», — звярнуўся да прысутных іерарх. «Сучасны чалавек, з аднаго боку, жыве ў святле неонаў, якіх многа на вуліцы, у памяшканні, на стадыёне і ў канцэртнай зале. Ён асвечаны таксама святлом навукі ці мноствам інфармацыі, якую штодзённа атрымлівае. Але ў той жа час, ён вельмі часта знаходзіцца ў духоўнай цемры, вывесці з якой можа толькі Хрыстус», — сцвердзіў арцыпастыр. «Запаленая свечка акурат і сімвалізуе святло Хрыста. Глыбока сімвалічна тое, што старац Сімяон гэтае святло атрымлівае з рук Марыі. Яна з’яўляецца Маці “Святла свету”, дзякуючы ёй чалавецтва атрымала святло вечнага жыцця. Акрамя гэтага, Марыя з’яўляецца прыкладам жыцця ў святле яе Сына», — дадаў Мітрапаліт. Гамілію арцыпастыр завяршыў малітоўным заклікам: «Марыя, да цябе сёння ўзносім свой позірк. Дапамажы нам, людзям XXI стагоддзя, прыняць святло твайго Сына, якім з’яўляецца Яго Евангелле, каб асвятляла наш жыццёвы шлях і вяло ў краіну вечнага святла». (DN), (VGr) |