Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр на развітанне з Магілёвам: буду маліцца за Касцёл на Магілёўшчыне (+фотарэпартаж)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.02.2017 10:39

5 лютага, на заканчэнне візіту ў Магілёў, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр узначаліў святую Імшу ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.


«Магілёў гістарычна называюць маці ўсяго Касцёла ў Беларусі, і вы павінны ганарыцца, што з’яўляецеся вернікамі каталіцкага Касцёла менавіта тут, у Магілёве, — адзначыў нунцый на пачатку Эўхарыстыі. — Буду маліцца за Касцёл на Магілёўшчыне, каб ён, верны сваёй слаўнай традыцыі, нараджаў новых дзяцей да жыцця ў веры і надаваў смак жыццю ўсяго грамадства».


У гаміліі арцыбіскуп Габар Пінтэр нагадаў пра сутнасць і пакліканне кожнага хрысціяніна — быць соллю зямлі і святлом свету. «“Вы…” — зварот да супольнасці людзей, не да аднаго чалавека. Гэта выклік хрысціянам і іх адзінству. Менавіта яно патрэбна сёння ў падзеленым свеце, які жыве ў цемры і без смаку!» — падкрэсліў нунцый.

Шлях рэалізацыі гэтага паклікання, як адзначыў арцыбіскуп, паказвае Езус: «Быць каштоўнасцю для гэтага свету, надаваць сэнс жыццю, асвятляць цемру роспачы».

«Каб не страціць свой смак, смак хрысціяніна, трэба як мага часцей сустракацца з крыніцай гэтага смаку — з Хрыстом. Ён — той, хто дадае смак і адраджае апетыт да гэтага жыцця і дае прагу да збаўлення», — дадаў нунцый.

Іерарх нагадаў, што сапраўдным святлом хрысціянін можа быць толькі тады, калі будзе «адлюстраваннем Божага святла».

«Быць соллю і святлом не азначае, што, раз атрымаўшы, мы заўсёды будзем такімі. Гэта Божая ласка, у якой мы кожны дзень маем патрэбу, каб умець выканаць словы Евангелля: “Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах”», — падкрэсліў арцыбіскуп Пінтэр.

На заканчэнне Імшы біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, падсумоўваючы візіт нунцыя, падзякаваў іерарху за малітву, пастырскія словы і благаслаўленне.

На ўспамін пра візіт у Магілёў нунцый атрымаў падарункі ад катэдральнай парафіі: кнігу гісторыі Магілёўшчыны, сімвалічныя ключы ад горада, карціну з выявамі страчанага касцёла святога Антонія і кляштара бэрнардынцаў. Таксама грэка-католікі падаравалі Апостальскаму Нунцыю дыск з літургічнымі спевамі візантыйскага абраду.

(KB), (VGr)
Фота кс. Кірыла Бардонава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.