Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB сустрэўся з вернікамі Вілейшчыны |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
13.03.2017 16:10 |
12 сакавіка ў другую нядзелю Вялікага посту біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы, а таксама сустрэўся з вернікамі іншых парафій Вілейшчыны. На працягу дня дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі разам з пробашчам вілейскай парафіі кс. Аляксандрам Барылам і вікарыем кс. Юзафам Сярпейкам наведваў парафіі, у якіх нясуць служэнне вілейскія святары.
Першым месцам візіту іерарха стала парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Максімільяна Кольбэ ў Куранцы. Біскуп наведаў мясцовую капліцу, дзе прамовіў гамілію і ўдзяліў сакрамэнт пакаяння. Іерарх заахвоціў вернікаў вучыцца давяраць Богу, «выходзіць са сваёй зямлі па прыкладу Абрагама» і з верай адказваць на Божае пакліканне. У гэты дзень іерарха вітала таксама парафія Божай Міласэрнасці ў Любані, вернікі якой папрасілі біскупа ўдзяліць Божае благаслаўленне на далейшае развіццё парафіі. Іерарх выказаў радасць, што вернікі збіраюцца на супольную малітву і пажадаў ім ніколі не пакідаць Езуса, надалей умацоўваць веру і перадаваць яе наступным пакаленням. У Вілейцы дапаможны біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі вілейскай парафіі. Напачатку Эўхарыстыі біскуп выказаў радасць, што вера на гэтай зямлі развіваецца — у касцёле багата дзяцей і моладзі. У гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў практыкаваць веру, усцяж імкнуцца адыходзіць ад сваёй грахоўнасці і крочыць да святасці. Біскуп падкрэсліў, што Божае слова жывое і дзейснае, здольнае перамяніць жыццё чалавека, які адкрывае на яго сваё сэрца. Іерарх заахвоціў парафіянаў падчас Вялікага посту замяніць інтэрнэт і тэлебачанне на чытанне і пазнаванне Святога Пісання. Пасля Эўхарыстыі біскуп узначаліў набажэнства Крыжовага шляху, падчас якога разважалі пра святарскае жыццё і маліліся за святароў. Наступным месцам візіту стала парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вязыні. Падчас сустрэчы з мясцовымі вернікамі біскуп Аляксандр распавёў пра сітуацыю Касцёла на Магілёўшчыне, узгадаў пра моцную веру людзей, якія жылі на тых землях, і душпастырскую працу, якую праводзяць святары ва ўсходняй частцы Беларусі сёння. Іерарх пажадаў мясцовым парафіянам не стамляцца быць руплівымі ў духоўным жыцці, даваць сведчанне малодшаму пакаленню, а таксама заахвоціў цаніць дар Божага дому і дбаць пра святыню. Пасля Вязыні біскуп Аляксандр наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Іллі. Біскуп звярнуўся да вернікаў з навукай, а таксама служыў у сакрамэнце пакаяння і паяднання. Напрыканцы сустрэчы іерарх заахвоціў мясцовых парафіянаў маліцца аб пакліканнях і быць моцнымі ў веры. Напрыканцы візіту на Вілейшчыну біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў вілейскай парафіі за падтрымку Касцёла на Магілёўшчыне, а таксама за малітоўную і матэрыяльную падтрымку кс. Андрэя Кеўліча і кс. Паўла Адамовіча, якія раней служылі ў вілейскай парафіі, а цяпер працуюць на Магілёўшчыне. Таксама іерарх выказаў падзяку святарам з вілейскай парафіі — кс. Аляксандру Барылу і кс. Юзафу Сярпейку — за руплівую душпастырскую працу і ахвярнасць, з якой яны нясуць Езуса Хрыста шматлікім людзям, пакідаючы для свайго адпачынку ў нядзельны дзень толькі паўтары гадзіны вольнага часу. «Я не хаваю сваёй стомленасці, — адзначыў на заканчэнне дня біскуп Аляксандр, — але гэтая стомленасць вельмі радасная, бо я правеў цэлы дзень у святарскім служэнні пастыраў Вілейшчыны, сустрэўся тут з жывой супольнасцю вернікаў. Я вельмі высока ацаніў руплівае служэнне мясцовых святароў, я ўбачыў актыўнасць і глыбіню вернікаў. Я ўжо даўно не перажываў такога дня! Я з вамі быў шчаслівы!» Кацярына Дурко (VGr) |
Фотарэпартаж |