Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў Ракаў і Івянец у межах перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.03.2017 21:09

28 сакавіка ў парафіі Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве развіталіся з пілігрымуючай фігурай Маці Божай Фацімскай, якая прабывала там у межах святкавання Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. З Ракава фігуру Фацімскай Панны перавезлі ў парафію Св. Аляксея ў Івянцы.

Святыя Імшы ў Ракаве і Івянцы ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Сярод прысутных былі таксама партугальскія журналісты «Радыё Рэнесанс», якія рыхтуюць спецыяльную праграму, прысвечаную 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў і візіту папы Францішка ў Фаціму 13 мая 2017 года.

Для падрыхтоўкі гэтай праграмы была выбрана таксама Беларусь, дзе вельмі моцна развіты культ Маці Божай Фацімскай. Журналісты спецыяльна прыбылі ў нашу краіну, каб зрабіць адмысловыя матэрыялы. Акрамя візіту ў парафіі ў Ракаве і Івянцы, журналісты сустракаюцца з вернікамі і размаўляюць пра значэнне фацімскіх аб’яўленняў у гісторыі краін былога Савецкага Саюза.

У сваіх гаміліях Мітрапаліт засяродзіўся на тэкстах Святога Пісання, якія Касцёл прапануе на аўторак чацвёртага тыдня Вялікага посту і ў якіх гаворыцца пра ваду як знак ажыўлення.

«Вада з’яўляецца знакам жыцця. Нездарма вучоныя шукаюць на іншых планетах ваду, каб адказаць на пытанне, ці ёсць там жыццё, — адзначыў іерарх. — Першае чытанне з кнігі Эзэхіэля распавядае пра велічны храм як месца духоўнага аднаўлення чалавека. З яго ўсходняй брамы выплывае струмень вады, які становіцца ракой, што ўпадае ў салёную ваду мора і пераўтварае яе ў прэсную — ваду, дзе ёсць жыццё. Гэты вобраз жыццядайнай вады падкрэслівае дынамічную прысутнасць Бога сярод людзей».

Евангелле таксама нагадвае пра гаючую ваду купальні, якая называецца Бэтэзда. Слова «Бэтэзда» азначае «дом узрушанай вады». Гэтая купальня падобная да лячэбных крыніц, якія ёсць у санаторыях, дзе людзі лечацца ад розных хваробаў. Лячэбныя воды Бэтэзды карысталіся вялікай папулярнасцю сярод габрэяў.

Сённяшняя евангельская гісторыя канцэнтруецца на інвалідзе, які доўга хварэў і з-за таго, што не мог хадзіць і ніхто яму не дапамагаў, ніяк не мог зведаць на сабе моц гаючай вады Бэтэзды.

Аднак ён не траціў надзеі і чакаў моманту, калі ўвойдзе ў чыстыя воды Бэтзэды. І на канец Езус дапамог яму здзейсніць яго мару. Дзякуючы інтэрвенцыі Езуса хворы выздаравеў. «Устань, вазьмі сваё ложа і ідзі», — сказаў Езус. І хворы ўстаў і пайшоў.

«Аздараўленне хворага было новым знакам Боскай моцы Езуса, які дае новае жыццё. Ён быў здольны даць тое, чаго не магла даць “застаялая і нясвежая вада”. Езус здольны ажывіць чалавека. А чалавеку, якога Ён аздаравіў, наказвае больш не грашыць, бо нешта горшае можа стацца з ім», — пракаментаваў чытанні арцыпастыр.

Першае спатканне чалавека з Езусам, працягваў іерарх, адбылося падчас сакрамэнту хросту, калі яго воды ажывілі нас да новага духоўнага жыцця. Дзякуючы сакрамэнту хросту Езус стаў крыніцай новага жыцця.

«Аднак з новым жыццём звязаны і новыя адказнасці: адмовіцца ад граху і жыць у стане Божай ласкі, — нагадаў арцыпастыр. — Каб выйсці з грахоўнай залежнасці, найперш трэба прызнаць сваю грэшнасць, прызнаць, што мы выступаем супраць Бога. Наступны крок — звярнуцца да міласэрнага Бога, які паслаў свайго Сына на крыжовую смерць дзеля нашага збаўлення. А гэта акурат тое, да чаго нас заклікае Марыя ў сваім Фацімскім пасланні. 100 гадоў таму яна заклікала да малітвы і навяртання, якія назвала ўмовамі шчаслівага жыцця. Нашыя продкі не паслухалі гэтага закліку Марыі і сталася няшчасце — бальшавісцкая рэвалюцыя з усімі яе негатыўнымі наступствамі, перш за ўсё ганеннямі на Касцёл. Прадказваючы цяжкасці, з якімі мы павінны былі сутыкнуцца з-за нявернасці Богу і нашаму хрысціянскаму пакліканню, Марыя, аднак, дала надзею на навяртанне і на свабоду веравызнання».

Дзякуючы бязмежнай Божай міласэрнасці, як падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч, мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі гэтага вельмі складанага працэсу, які патрабуе вернасці Богу. «А гэта нялёгка. Жыццё паказвае, што хоць сёння і няма палітыкі ваюючага атэізму, аднак з’яўляюцца новыя праблемы, як напрыклад, матэрыялістычны атэізм. Ён уводзіць у нашае жыццё новага бога, якім з’яўляецца багацце, прыемнасці, улада і т.п. Але гэтыя багі змяняюцца, яны нетрывалыя і не могуць адказаць на выклікі часу або вырашыць нашы праблемы», — дадаў іерарх.

Фацімскае пасланне, як нагадаў арцыпастыр, канцэнтруецца на дзвюх фразах — «калі так і калі не»: калі будзем маліцца і навяртацца, то ўсё будзе дабра, калі ж не, то чакаюць цяжкасці.

«Сёння ў прысутнасці фігуры Фацімскай Панны, благаслаўленне якой адбылося на месцы аб’яўленняў Маці Божай, дадзім адказ на фундаментальнае пытанне: ці стараемся мы пазнаць у гэтым падарожжы таямніцу нашага збаўлення і Божай міласэрнасці? Ці звяртаем увагу на тое, кім для нас з’яўляецца Хрыстус і што Ён зрабіў для нашага збаўлення і далей робіць праз свой Касцёл? Ці ўсведамляем, што Ён стаў чалавекам дзеля нас, якія вандруем па нашай грахоўнай пустыні, і дзеля нашага збаўлення? Ён прыйшоў на нашу зямлю, каб адарыць нас вадой вечнага жыцця. Прыйшоў, каб прынесці жыццё ўсім, хто адчыніць свае сэрцы на Яго збаўчае пасланне, якое знаходзіцца ў Евангеллі, і якое нам перадала Марыя 100 гадоў таму ў Фаціме.

Разам з Марыяй станем пад крыжом Езуса, на якім Ён паказаў чалавецтву бязмежную любоў і міласэрнаць свайго Нябеснага Айца. Няхай перыяд Вялікага посту стане для нас часам сапраўднага духоўнага ажыўлення, каб мы аднавілі нашу веру ў жыццядайную моц хрыстовай вады, якая выліваецца на нас», — заклікаў Мітрапаліт Тадэвуш.

Вернікам ракаўскай парафіі арцыпастыр падзякаваў за малітву і чуванне каля фігуры Маці Божай Фацімскай і пажадаў, каб у іх сэрцах панаваў дух малітвы і пакаяння.

Вернікаў івянецкай парафіі іерарх заклікаў, каб усе дні прабывання фігуры ў іх супольнасці былі напоўнены глыбокай малітвай і навяртаннем.


(DN), (VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.