Каталіцкае выдавецтва «Про Хрысто» прымае ўдзел у міжнароднай выставе ў Польшчы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
31.03.2017 14:28 |
30 сакавіка ў Варшаве ў Арках Кубіцкага пры Каралеўскім замку адбылося адкрыццё XXIII выставы-кірмашу каталіцкіх выдаўцоў, у якой прымае ўдзел і беларускае выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Про Хрысто». Галоўныя тэмы сёлетняй выставы — «Ідзіце і абвяшчайце», 100-годдзе аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, 300-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Чэнстахоўскай... У выставе прымаюць удзел каля 150-ці выдавецтваў. У адкрыцці выдавецкага фэсту прынялі ўдзел былы прэфект Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі Апостальскай Сталіцы кардынал Зянон Грахалеўскі, мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч, генеральны сакратар епіскапату Польшчы біскуп Артур Мізіньскі, а таксама прадстаўнікі польскага Сенату і Міністэрства культуры. Кардынал Грахалеўскі, які 16 гадоў узначальваў Кангрэгацыю каталіцкай адукацыі, у сваім выступленні падкрэсліў вялікае і неацэннае значэнне каталіцкай друкаванай кнігі ў фармаванні і выхаванні маладога пакалення. Іерарх звярнуў увагу на важнасць і адпаведнасць выбару чытачом літаратуры і сказаў, што «толькі добрая кніга становіцца сябрам чалавека. І таму каталіцкія выдавецтвы павінны друкаваць такія кнігі, якія могуць стаць нашымі сябрамі… Сённяшняя кніга стварае будучыню», — падкрэсліў кардынал. На адкрыцці выставы былі названыя лаўрэаты ўзнагароды Таварыства каталіцкіх выдаўцоў «Фенікс 2017». Выстава-кірмаш працягне сваю працу да 2 красавіка. Паводле ave-maria.by |