Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: мы страцілі надзел у Котаўцы, а дакументы на новую пляцоўку невядома калі атрымаем
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.04.2017 13:52

11 красавіка падчас прэс-канферэнцыі ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра сітуацыю з будаўніцтвам касцёла ў Зялёным лузе, які планавалася будаваць у скверы Котаўка, але дазвол на будаўніцтва быў адазваны гарадскімі ўладамі.

«У канцы 2016 года быў адазваны дазвол на будаўніцтва касцёла ў Котаўцы. На маю думку, гэта была больш надуманая праблема. Бо некалькі дзясяткаў дрэваў у параўнанні з тым, колькі там іх ёсць, — гэта мізэр для экалогіі», — падкрэсліў іерарх, нагадаўшы прычыну, па якой касцёлу было адмоўлена будаваць святыню ў мінскім скверы Котаўка.

«Нам прапанавалі новае месца. Аднак да сённяшняга дня мы афіцыйна яшчэ не атрымалі дакументаў на гэтую зямлю. І я не ведаю, калі мы іх атрымаем, бо гэта вельмі складаны працэс. Той, хто не ведае, як гэта складана, можа казаць: вазьміце іншую пляцоўку і там пабудуйце. ...Тут патрэбна вельмі многа ўзгадненняў. Бачачы сёння, як развіваецца гэты працэс, я буду шчаслівы, калі мы да канца гэтага года атрымаем дазвол. Акрамя гэтага трэба будзе яшчэ перарабляць праект... Гэта ўдар па Касцёлу. Інакш цяжка гэта назваць», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Нагадаем, што на будаўніцтва святыні ў мінскім скверы Котаўка быў атрыманы спецыяльны дазвол ад прэзідэнта, пасля чаго былі зроблены праектныя працы, што патрабавала матэрыяльнага ўнёску.

У маі мінулага года, калі пачалася падрыхтоўка пляцоўкі пад будаўніцтва, мясцовыя жыхары і актывісты «Зялёнай сеткі» пачалі выступаць супраць вырубкі дрэваў. У выніку шматлікіх пратэстаў «зялёных» і мясцовых жыхароў будаўніцтва было прыпынена да снежня 2016 года. Аднак зімой сітуацыя ізноў паўтарылася. У выніку парафіі Свв. Апосталаў Пятра і Паўла і Яўгена дэ Мазэно, якая дзейнічае ў Зялёным лузе, прапанавалі іншае месца пад будаўніцтва касцёла.

Валянціна Грамыка
Фота Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.