Пленарнае пасяджэнне РКБЕ ў Мінску стане падрыхтоўкай да наступнага Сіноду Біскупаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
11.04.2017 16:07 |
Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Каталіцкіх Біскупаў Еўропы, якое
пройдзе з 28 верасня па 1 кастрычніка ў Мінску, стане падрыхтоўкай
еўрапейскіх епіскапатаў да Сіноду Біскупаў — 2018, прысвечанага тэме
моладзі.
Пра гэта стала вядома падчас прэс-канферэнцыі з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, якая прайшла ў Мінску 11 красавіка. У Беларусь прыбудзе каля 50 біскупаў з розных краін Еўропы, запрошаны таксама госці з іншых кантынентаў. «Гэта вялікі гонар і заданне для Касцёла ў Беларусі, але таксама гэта вялікі гонар для нашай краіны, якая будзе прымаць такі вялікі форум», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Старшыня беларускага епіскапату паведаміў, што форум распачнецца ў мінскай ратушы прэс-канферэнцыяй, якую ўзначаліць старшыня РКБЕ італьянскі кардынал Анджэла Баньяска. У кожны дзень форуму ў касцёлах Мінска іерархі будуць канцэлебраваць святыя Імшы. 28 верасня — у касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), 29 верасня — у мінскай архікатэдры, 30 верасня — у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой горцы. У апошні дзень пасяджэння — 1 кастрычніка — іерархі, якія яшчэ будуць прабываць у Беларусі, узначаляць святыя Імшы ў розных касцёлах Мінска. Валянціна Грамыка |