Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: уваскрасенне Хрыста — непахісны фундамент нашай веры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
17.04.2017 09:16

16 красавіка ў мінскай архікатэдры на рэзурэкцыйнай святой Імшы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, сабраліся шматлікія вернікі. Па традыцыі, перад распачаццем Эўхарыстыі навокал касцёла адбылася працэсія.

«Сённяшняе Евангелле распавядае пра тое, як Магдалена пайшла да магілы Езуса, аднак там не знайшла Ягонага цела. Евангелле Пасхальнай вігіліі прадстаўляе жанчын міраносіц, якія прыйшлі да магілы Езуса, каб намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Цела ў магіле не было. А анёл, які там знаходзіўся, сказаў, што Хрыста тут няма, бо Ён уваскрос. У гэтых словах крыецца велікоднае пасланне ўсім народам і ўсіх часоў: “Хрыстус памёр, бо Ён чалавек, уваскрос, бо ён Бог”», — падкрэсліў у гаміліі арцыпастыр.

У словах «Пан сапраўды ўваскрос», як нагадаў іерарх, «скрыта праўда і адначасова здарэнне, на якіх абапіраецца наша хрысціянская вера і жыццё. Гэтыя словы — гэта “пасведчанне” Хрыста як Бога і Збаўцы».  

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай св. Імшы

«Двесце гадоў таму Напалеон Банапарт захапіў амаль што ўсю Еўропу. Перад ім дрыжаў увесь свет і здавалася, што ўся зямля будзе зацеснай для яго. Тады некаторыя бязбожныя дарадцы прапанавалі яму стварыць сваю рэлігію. На што Напалеон адказаў: “Найперш трэба было б памерці на крыжы, быць пахаваным і ўваскрэснуць, а я не маю ніякай ахвоты на такія эксперыменты”. Напалеон добра ведаў, што з’яўляецца толькі чалавекам, — адзначыў мітрапаліт. — Факт змёртвыхпаўстання дае права Езусу прамаўляць на тэму жыцця, бо толькі Ён адзіны ўваскрос».

(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.