Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў свята Божай Міласэрнасці наведаў парафію ў Асіповічах |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.04.2017 14:33 |
Урачыстую святую Імшу ў парафіі Божай Міласэрнасці ў Асіповічах ўзначаліў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
«Свята Божай Міласэрнасці даў нам сам Езуз праз апосталку Божай Міласэрнасці святую сястру Фаустыну», — адзначыў іерарх напачатку св. Імшы. У казанні біскуп падзяліўся гісторыяй са свайго жыцця аб моцы, якую мае малітва Божай Міласэрнасці. Іерарх заахвоціў таксама маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці. Узгадваючы абяцанні, якія Езус даў тым, хто будзе ўшаноўваць абраз Божай Міласэрнасці, біскуп Аляксандр адзначыў, што асабліва ў свята Божай Міласэрнасці Езус пасылае промні міласэрнасці ўсяму свету, каб «мы маглі чэрпаць ласку з Яго Міласэрнасці».
«Трэба памятаць, што кожны можа атрымаць неабходныя ласкі, нават самы вялікі грэшнік. А калі хто ў хвіліну смерці звернецца да Божай Міласэрнасці, атрымае ласку прабачэння. Сёння свет патрабуе міласэрнасці, няма такога чалавека, якому б яна была непатрэбна», — сказаў біскуп.
Пасля Імшы адбылося адмысловае набажэнства да Божай Міласэрнасці. |