13 мая ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адкрыўся другі дзень кангрэсу,
прысвечанаму 100-годдзю марыйных аб’яўленняў у Фаціме. У гэты дзень у
парафіі прайшла адпустовая ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт
Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх адзначыў, што ў гэты дзень «мы духоўна яднаемся з папам Францішкам, які знаходзіцца ў Фаціме на Юбілеі 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў». 
Паводле слоў арцыбіскупа, фацімскія аб’яўленні з’яўляюцца самым вялікім дарам, які Бог даў чалавецтву і таксама нашаму народу ў XX стагоддзі для сучаснасці.
«100 гадоў таму трывала жудасная Першая сусветная вайна з яе трагічнымі наступствамі. Набіраў сілу атэізм, які імкнуўся знішчыць духоўны падмурак хрысціянскай цывілізацыі. У такой складанай і нават трагічнай сітуацыі Святы Айцец Бэнэдыкт XV шмат разоў заклікаў да мірнага вырашэння канфлікту. У сувязі з гэтым ён у апублікаваным 5 мая 1917 г. пастырскім пасланні заклікаў свет да малітвы ў інтэнцыі міру на зямлі. 
Праз восем дзён пасля гэтага Марыя аб’явілася фацімскім дзецям Францішку, Жасінце і Люцыі. Таму фацімскія аб’яўленні можна лічыць непасрэдным адказам Бога на заклік Папы», — дадаў іерарх.
Мітрапаліт нагадаў, што сутнасць фацімскіх аб’яўленняў заключаецца ў закліку да малітвы і навяртання як умовы для дасягнення міру: калі людзі не будуць маліцца і навяртацца, то чалавецтва чакаюць вялікія цяжкасці.
Так і адбылося. У Расіі выбухнула Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая негатыўна ўплывала на ўвесь свет, распаўсюджваючы вірус атэізму.
«Сімвалічна, што менавіта ў Віскулях у Белавежскай пушчы 8 снежня 1991 г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі быў падпісаны акт аб распадзе СССР. Менавіта той гістарычны дзень даў пачатак пераходу ад палітыкі ваюючага атэізму да свабоды веравызнання», — зазначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Асобную ўвагу Мітрапаліт звярнуў на тэндэнцыі сучаснага свету, «калі свет жыве, быцца Бога няма».
«Аб гэтым сведчыць заняпад маральнасці, крызіс сям’і, непавага да Божага дару жыцця, карупцыя і многае іншае, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Адмаўленне ад хрысціянскіх каранёў — гэта Чарнобыль нашай хрысціянскай культуры і спадчыны. Сёння наш абавязак — берагчы і развіваць далей духоўную спадчыну нашых продкаў, якія заўсёды баранілі крыж і веру, нават знаходзячыся ў катакомбах атэізму».
Поўны тэкст гаміліі ТУТ›› 
Таксама арцыпастыр падкрэсліў моц малітвы, нагадаўшы, што сучасны свет перажывае крызіс малітвы.
«Калі людзі перастаюць маліцца, пачынаюцца праблемы. Калі нехта кажа, што з’яўляецца веруючым, але ў той жа час не моліцца, то гэта нагадвае аб тым, што яго вера не жывая, а дэкаратыўная», — сказаў іерарх.
Арцыбіскуп нагадаў, што падчас аб’яўленняў у Фаціме Марыя прасіла аб малітве, асабліве малітве святога Ружанца, якая павінна была стаць зброяй супраць бязвер’я.
«Малітва змяняе чалавека, а ён, змяняючыся, змяняе свет», — дадаў Мітрапаліт.
Напрыканцы іерарх распавёў адну легенду пра анёла, якога Бог паслаў на зямлю, каб той прынёс адтуль самую прыгожую рэч.
Анёл доўга шукаў і прынёс на неба вельмі прыгожую кветку. Бог не быў задаволены да канца і паслаў анёла шукаць далей. Анёл накіраваўся на поле ваенных дзеянняў і прынёс на неба некалькі кропель крыві забітага за свабоду сваёй радзімы жаўнера. Бог ізноў не быў да канца задаволены. Анёл у трэці раз накіраваўся на зямлю. Пасля доўгага пошуку ён убачыў чалавека, які стаяў на каленях перад крыжом і аплакваў свае грахі. Анёл пазбіраў яго слёзы і занёс на неба. Тады Бог сказаў: «Слёзы жальбы і пакуты — гэта самае прыгожае, што ёсць на свеце».
Як падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч, «сітуацыя ў сучасным свеце сведчыць аб тым, што фацімскае пасланне з’яўляецца актуальным і патрабуе нашага адказу. Імя ж адказу — малітва і навяртанне».
(IL), (DN) Фота Віталія Палінеўскага і кс. Кірыла Бардонава
|