Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У дзень 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў фігура Маці Божай Фацімскай прыбыла ў Вілейку
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.05.2017 14:54

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, асвячанай у Фаціме ў капліцы аб’яўленняў, працягваецца ўжо сем месяцаў. 13 мая фігуру Фацімскай Панны сустракалі ў Вілейцы, дзе Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу і працэсію.


А 14-й гадзіне вернікі Вілейкі вырушылі на сустрэчу фігуры на мяжу Вілейскага і Маладзечанскага раёнаў, дзе вернікі Маладзечанскай парафіі Св. Юзафа на чале з кс. прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім перадалі фігуру Маці Божай Фацімскай вілейчанам. Пасля сумеснай малітвы парафіяне абедзьвюх парафій у аўтамабільнай працэсіі накіраваліся да Вілейскай святыні.


А 15-й гадзіне вілейская парафія ўрачыста прывітала фігуру з Фацімы на вуліцы перад святыняй. Са словамі прывітання і малітвы да Фацімскай Панны ад імя ўсіх сабраных звярнуўся пробашч Вілейскай парафіі кс. Аляксандр Барыла.


У сваёй прамове кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі адзначыў важнасць гэтай гістарычнай падзеі для Вілейскай парафіі, узгадаў складаныя часы атэізму, а таксама выказаў сваю радасць з таго, што вера і рэлігійнае жыццё развіваюцца на гэтай тэрыторыі. Пасля прывітання фігура была ўрачыста ўнесена ў святыню, дзе адбылося набажэнства да Божай Маці.

Са словамі малітвы да Нябеснай Заступніцы звярнуўся пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла, сем’і, дзеці і моладзь парафіі. Пасля св. Імшы, якая цэлебравалася ў розных інтэнцыях парафіян, распачалося малітоўнае чуванне.

Цэнтральным момантам святкавання ўспаміну Маці Божай Фацімскай і прыбыцця фігуры стала вечаровая святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш разважаў над аб’яўленнямі Божай Маці ў Фаціме і таямніцамі, якія Марыя адкрыла тром пастушкам: «Час перэгрынацыі прызначаны для больш глыбокага пазнання фацімскіх аб’яўленняў і засяроджання над тым, як іх уцелавіць у жыццё ў наш час адыходу ад Бога і веры».


«У сваіх аб’яўленнях Марыя паказала фацімскім дзецям жахі пекла, прадказала завяршэнне Першай сусветнай вайны і распачацце Другой, больш жудаснай, і пераслед веры. Каб пазбегнуць гэтых няшчасцяў Марыя заклікала да навяртання і малітвы. Як Божая пасланніца яна добра ведала, што людзі яе не паслухаюць і іх напаткаюць няшчасці, пра якія яна казала дзецям.

Тэкст гаміліі цалкам ТУТ

У той жа час, яна не пакінула нас без надзеі. Яна сказала, што яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Гэтыя словы Марыі адносяцца і да Беларусі. Найперш таму, што ў той час тэрыторыя нашай краіны належала да Расійскай імперыі», — сцвердзіў іерарх.


Мітрапаліт Тадэвуш звярнуў увагу на заклік Марыі да малітвы і навяртання: «Калі мы любім Божую Маці, якая заклікае нас да малітвы і навяртання, то не забудзем прыйсці да яе на малітве, каб стаўся цуд нашага духоўнага навяртання і каб мы сталі новымі і на духоўных каштоўнасцях будавалі новую Беларусь», — заключыў арцыпастыр.

На заканчэнне Літургіі вернікі на чале з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам прайшлі па вуліцах горада ў працэсіі ўслед за Маці Божай у Фацімскай фігуры, трымаючы свечкі і ўзносячы малітвы і спевы.

Напрыканцы працэсіі пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла ўзнёс малітву падзякі Богу, паўтараючы словы з Евангелля: «Адкуль гэта нам, адкуль гэта нам, вілейчанам, такая вялікая радасць, што Маці Пана нашага прыйшла да нас!».


У малітве святар таксама прасіў далейшага заступніцтва Божай Маці над Вілейскай парафіяй, каб усе заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. Ксёндз Аляксандр яшчэ раз выказаў словы падзякі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу і ўсім прысутным вернікам. Іерарх перад тым, як удзяліць благаслаўленне, заахвоціў прысутных быць вернымі малітве і Богу, каб стаць святлом свету і несці ў свет заўсёды жывое і дзейснае Божае Слова.


Фігура Маці Божай Фацімскай прабудзе ў парафіі Узвышэння св. Крыжа ў Вілейцы да 16 мая, пасля чаго будзе пілігрымаваць па парафіях Вілейскага дэканату.

Кацярына Дурко, фота Аксаны Бажко

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.