«Першымі пілігрымамі» ў жодзінскі санктуарый сталі іерархі і святары архідыяцэзіі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
15.05.2017 22:13 |
15 мая ў касцёле Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, які 13 мая быў абвешчаны дыяцэзіяльным санктуарыем, прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч палічыў вельмі сімвалічным, што да новаўстаноўленага санктуарыя прыбылі святары, законнікі і законніцы і назваў іх «першымі пілігрымамі ў гэтае святое месца».
Па традыцыі асноўным пунктам сустрэчы стала канцэлебрацыя пастырамі святой Імшы, гамілію падчас якой прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. Разважаючы над зместам евангельскага ўрыўка пра цуд у Кане Галілейскай, іерарх падкрэсліў, што Езус ведаў пра недахоп віна, «аднак не хацеў дзейнічаць сам, Ён хацеў даць у дапамогу маладым Марыю». «Праз гэты жэст Пан паказаў сваё жаданне, каб паміж Ім і чалавекам заўсёды была яна — Маці, якую Ён шчодра падараваў нам усім. Прысутнасць Марыі ў нашым жыцці пачалася ў Кане Галілейскай, працягваецца па сённяшні дзень і будзе аж да канца свету».
Біскуп Аляксандр узгадаў даследаванне аднаго польскага гісторыка, які вылучыў і інтэрпрэтаваў чатыры значныя даты:1517 (Рэфармацыя — другі вялікі раскол хрысціянства і нараджэнне пратэстантызму), 1717 (заснавана першая масонская ложа ў Лондане, нараджэнне філасофіі асвячэння), 1917 (у Расіі распачынаецца бальшавіцкая рэвалюцыя; масонства ў Італіі арганізоўвае антыкасцёльныя і антыпапскія дэманстрацыі; аб’яўленні Маці Божай у Фаціме) і 2017 (адмаўленне ад прыроды чалавека і яго аб’ектыўных каштоўнасцяў у імя фальшывага пачуцця свабоды, талерантнасці і дэмакратыі). «Нягледзячы на існуючую свабоду веравызнання і спыненне атэістычнай дзейнасці, у святле фацімскіх аб’яўленняў мы заўважаем, што барацьба з дабром і праўдай не спынілася. Сатана не адправіўся ў адпачынак. Ён уцелавіўся ў новых людзей, якія пад прыкрыццём высокіх лозунгаў хочуць пабудаваць новы свет, новы парадак без Бога, — падкрэсліў іерарх. — Як праз Марыю прыйшло ў свет збаўленне, так праз Яе можа прыйсці і наша перамога ў змаганні за дабро і ласку. Таму ніколі не будзем забываць пра Маці Божую». Напрыканцы Імшы была падпісана дамова паміж Канферэнцыей Каталіцкіх Біскупаў і айцамі-марыянамі аб распрацоўцы лічбавага фармата Літургіі гадзінаў на беларускай мове. Пасля Эўхарыстыі навокал санктуарыя адбылася працэсія.
Дзень пастырскай сустрэчы ў Жодзіне супаў з заканчэннем сімпозіума да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. (VGr) |
Фотарэпартаж |