У Мінску памаліліся за біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з нагоды 25-годдзя манаскага жыцця (+фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
21.05.2017 20:00 |
21 мая ў мінскай архікатэдры памаліліся за біскупа Аляксандра Яшэўскага
SDB, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскага
вікарыя для Магілёва і Магілёўскай вобласці, які адзначае 25-годдзе
манаскага жыцця. Разам з іерархам юбілей святкавалі яго аднакурснікі, якія прыбылі з Расіі, Польшчы і Італіі. Памаліцца за юбіляраў прыбыў таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. У гаміліі да юбіляраў звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх нагадаў, што «манаскія абяцанні, складзеныя перад адпаведнай касцёльнай уладай, становяцца абавязкам, які неабходна верна выконваць аж “да смерці”». «Выраз “аж да смерці” нагадвае нам абяцанне сужонкаў захоўваць сужэнскую вернасць аж да смерці. Як у сужэнстве ўзаемная любоў не мае ніякіх абмежаванняў, так і ў кансэкраваным жыцці вернасць евангельскім радам не можа мець ніякіх абмежаванняў. Выраз “да смерці” не мае часовага вымярэння, але акрэслівае радыкалізм адрачэння ад самога сябе, каб служыць іншым на ўзор Хрыста», — дадаў арцыпастыр. Мітрапаліт Тадэвуш падкрэсліў, што «прыняцце евангельскіх радаў патрабуе вялікай любові свабоды, якая з’яўляецца крыніцай іх вернага выконвання», а «евангельская паслухмянасць — гэта адрачэнне ад самога сябе, нібы паміранне, якое становіцца крыніцай жыцця і ўваскрашэння». Як адзначыў арцыбіскуп, «такое ўспрыманне евангельскіх рад, дзякуючы радыкальнаму прысвячэнню сябе Хрысту, вядзе да таго, што насуперак асабістай слабасці і недахопам здабываецца сэнс жыцця. Таму яны з’яўляюцца крыніцай радасці і душэўнага супакою». У гэты ж дзень у межах святкавання юбілею падчас урачыстых мерапрыемстваў у Магілёве салезіянская супольнасць Беларусі падарыла біскупу Аляксандру і магілёўскай парафіі вялікі абраз з выявай св. Яна Боска — апекуна і настаўніка дзяцей і моладзі, каб гэты святы стаў блізкі таксама мясцовым жыхарам. (DN), (VGr), Фота Ірыны Рубінавай |
Фотарэпартаж |