Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У вілейскай парафіі на распачацце летніх канікул прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.06.2017 14:15

З 2 па 4 чэрвеня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы праходзілі рэкалекцыі для дзяўчат. Духоўныя практыкаванні на пачатак летніх канікул, у якіх прымалі ўдзел 30 дзяўчат рознага ўзросту, праводзіў пробашч парафіі кс. Аляксандр Барыла і настаўніца па рэлігіі вілейскай парафіі Анна Аўсейчык.

Кожны дзень распачынаўся супольнай малітвай і просьбай аб Божым благаслаўленні. У праграму рэкалекцыйнага дня ўваходзілі разнастайныя мерапрыемствы: прамова святара, школа спеву, ружанцовая малітва, розныя гульні і танцы, спартыўныя спаборніцтвы, вандроўка «расплюшчаных вачэй» і «майстэрня маленькіх цудаў», падчас якой дзяўчаты развівалі свае таленты, шылі мяккія цацкі, малявалі, выраблялі розныя рэчы з бісеру і паперы. Галоўным момантам рэкалекцый была сустрэча з Езусам Хрыстом ў Эўхарыстыі. Заканчваўся кожны дзень супольнай малітвай, удзяленнем Божага благаслаўлення і гімнам да Маці Божай Будслаўскай.

У першы дзень рэкалекцый дзяўчаты разважалі на тэму «Я — таленавіты хрысціянін». Падчас духоўных разважанняў і іншых набажэнстваў дзеці разважалі пра талент веры, які мае кожны чалавек, пра які неабходна клапаціцца і які трэба развіваць.

Тэмай другога дня была «Працавітасць і цярплівасць у дасягненні вынікаў». Разам з пробашчам парафіі кс. Аляксандрам Барылам дзяўчаты разважалі на тэму духоўнай працы і сумленнага выканання сваіх абавязкаў.

На працягу трэцяга дня ўдзельнікі разважалі над прыкладам Марыі, па просьбе якой Езус учыніў свой першы цуд на вяселлі ў Кане Галілейскай. На канферэнцыі на тэму «Супольнасць, адкрытасць і ўменне бачыць іншых людзей» дзяўчаты вучыліся бачыць патрэбу бліжніх і прыходзіць ім на дапамогу.


Кацярына Дурко
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.