Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
У Бараўлянах у РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава пачалі рэгулярна цэлебраваць св. Імшу |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
13.06.2017 14:55 |
Ад пачатку чэрвеня ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі імя Аляксандрава (далей — РНПЦ) у п. Лясны (Бараўляны) пад Мінскам цэлебруецца рэгулярная святая Імша.
Першая такая Імша сабрала каля 30 чалавек. Разам з пробашчам парафіі ў Бараўлянах кс. Казімірам Шыдэлкам SDB на Імшы маліліся прадстаўнікі медперсаналу, пацыенты і вернікі бараўлянскай парафіі.
Пакуль што св. Імша цэлебруецца ў актавай зале, але ўжо выдзелена памяшканне пад капліцу, у якім зараз ідзе рамонт. Капліца будзе асвячана пад тытулам Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Як распавёў у каментарыі для Сatholic.by кс. Казімір Шыдэлка, перад Імшой і пасля яе ў вернікаў ёсць магчымасць для духоўнай размовы са святаром і споведзі. З персаналам абмяркоўваецца магчымасць таго, каб капліца была адчынена на працягу дня.
Ксёндз Казімір ужо доўгія гады апякуецца хворымі ў РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах, удзяляючы ім сакрамэнт споведзі і намашчэння хворых. У каталіцкай парафіі ў Бараўлянах у сваю чаргу праводзяцца адмысловыя набажэнствы да св. Роха — апекуна хворых. У гонар гэтага святога ў парафіяльнай капліцы плануецца ўсталяваць бакавы алтар. За душпастырскай паслугай да кс. Казіміра можна звяртацца па тэлефоне: +375 44 722-55-89 (cath/vgr)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.