Дыпломы катэхетаў уручылі выпускнікам Мінскага тэалагічнага каледжа |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.06.2017 14:12 |
Заканчэнне навучальнага года і ўручэнне дыпломаў выпускнікам Мінскага
тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля адбылося 17 чэрвеня ў
мінскім Чырвоным касцёле. Мерапрыемства распачалося святой Імшой, у якой
прынялі ўдзел выкладчыкі, выпускнікі і студэнты каледжа. Святую Імшу ўзначаліў кс. Ян Крэміс, які з’яўляецца дырэктарам гэтай навучальнай установы. З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый Санько, у якой заклікаў будучых катэхетаў не заставацца на мелкаводдзі, дзе «прыемна і спакойна», а не баяцца «выплысці на глыбіню», каб праслаўляць Бога і сведчыць пра Яго іншым.
Пасля Імшы ў дольным касцёле прайшло ўручэнне дыпломаў выпускнікам, якіх у гэтым годзе было 18 чалавек. 7 чалавек атрымалі дыплом катэхета, 9 чалавек — дыплом катэхета і кантара, яшчэ два чалавекі атрымалі дыплом без прысваення кваліфікацыі. Выступаючы перад прысутнымі, кс. Ян Крэміс распавёў аб увядзенні з наступнага навучальнага года новай спецыяльнасці, студэнты якой будуць вывучаць тэалогію і сродкі масавай камунікацыі.
Пазней студэнты другога курса прадставілі сцэнку, у якой была разыграна сітуацыя з жыцця «маладога спецыяліста-катэхета» і паказаны цяжкасці, з якімі ён сутыкаецца на сваім шляху. Таксама выпускнікі атрымалі памятныя падарункі ад цяперашніх студэнтаў установы — драўляныя сувеніры з эмблемай каледжа і паштоўкі з цытатамі са Святога Пісання. У якасці падзякі выпускнікі падрыхтавалі для выкладчыкаў каледжа прэзентацыю, у якой асабіста ўзгадалі кожнага з іх. Уступная кампанія ў Мінскі тэалагічны каледж імя св. Хрысціцеля на 2017/2018 навучальны год распачалася 15 чэрвеня. |
Фотарэпартаж |