У Нясвіжы распачалі духоўную падрыхтоўку да святкавання 425-годдзя касцёла Божага Цела |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.06.2017 11:36 |
18 чэрвеня ў Нясвіжы адзначылі парафіяльную ўрачыстасць Божага Цела, якая стала распачаццем духоўнай падрыхтоўкі да 425-годдзя мясцовага касцёла. Да нясвіжан прыбыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Падчас св. Імшы іерарх удзяліў 20 вернікам сакрамэнт канфірмацыі. Юбілей мясцовай святыні будзе адзначацца ў 2018 годзе. Гэтым летам распачалася рэстаўрацыя фасаду нясвіжскага касцёла. Рэстаўратары ўжо адкрылі першыя фрэскавыя роспісы фасаду. «Касцёл у Нясвіжы не заўсёды быў белы звонку»
У казанні біскуп Юрый падкрэсліў важнасць Эўхарыстыі ў жыцці веруючага чалавека, а таксама скіраваў словы падтрымкі да вернікаў, якія ў гэты дзень прынялі сакрамэнт канфірмацыі. «Мы ўсе разам хочам адрэстаўраваць і захаваць для будучых пакаленняў гэтую пярліну не толькі беларускай, але і сусветнай спадчыны, захаваць будынак касцёла. Мы ўсе прызвычаіліся, што гэтая святыня звонку заўсёды была белай. Аднак у працэсе працы рэстаўратараў адкрываюцца новыя факты. Так былі адкрыты прыгожыя фрэскавыя роспісы на фасадзе касцёла, аналагаў якім у Беларусі няма, і нават у свеце іх вельмі мала», — падкрэсліў іерарх.
«Пасля рэстаўрацыі гэтая святыня па-новаму ўпрыгожыць Нясвіж і нашую краіну. Аднак мы таксама з’яўляемся святыняй Бога. І мы патрабуем рэстаўрацыі нашага жыцця, каб па-новаму паглядзець на прыгажосць, якая ёсць унутры нас, якую Бог улівае ў нас праз свае дары. Мы прыгожыя ў вачах Бога», — сцвердзіў біскуп Юрый, нагадваючы, што добрай нагодай для духоўнага аднаўлення з’яўляецца і падрыхтоўка да святкавання 425-гадовага юбілею святыні ў Нясвіжы. Па традыцыі парафіяльная ўрачыстасць завяршылася працэсіяй Божага Цела па вуліцах горада. Падчас чатырох прыпынкаў — каля Слуцкай Брамы, Ратушы, крыжа па вул. Карла Лібкнехта і плябаніі — гучала малітва аб Божым благаслаўленні для горада і мясцовых жыхароў. (cath/vgr) |
Фотарэпартаж |