Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Касцёл на Магілёўшчыне — жывы»: урачыстая працэсія Божага Цела прайшла ў Магілёве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
19.06.2017 12:11

18 чэрвеня вернікі Магілёва сабраліся разам, каб чарговы раз ушанаваць Езуса Хрыста, укрытага ў постаці Хлеба, засведчыць сваю веру і памаліцца за ўвесь народ Усходняй Беларусі.

Урачыстую святую Імшу ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, які далучыўся і да эўхарыстычнай працэсіі вуліцамі Магілёва.

У сваёй гаміліі, разважаючы пра Эўхарыстыю, Апостальскі Нунцый заахвоціў вернікаў не забывацца пра Бога, які ў пэўным сэнсе і нас, як некалі выбраны ізраэльскі народ, выводзіць «з зямлі егіпецкай, з дому няволі».

«Наш Пан Езус Хрыстус жадаў, каб Яго народ, Яго Касцёл заўсёды захоўваў памяць пра падзею, якая паклікала яго да існавання. Таму, калі Касцёл страціць сваю памяць — страціць і сябе. (…) Калі мы цэлебруем Эўхарыстыю, мы не толькі ўспамінаем мінулае, як гэта адбываецца з многімі фактамі нашага жыцця, мы маем магчымасць удзельнічаць у моманце ахвяры Хрыста на крыжы, таму што ў Эўхарыстыі Хрыстус рэальна, асабіста прысутнічае са сваім Целам і Крывёй».

Удзел у агульнамагілёўскай святочнай працэсіі прынялі вернікі каталіцкіх парафій горада і вобласці, а таксама грэка-каталіцкай парафіі ў Магілёве.

Вялікая колькасць людзей разам з духавенствам, кансэкраванымі асобамі прайшла за Езусам у манстранцыі ад галоўнай каталіцкай святыні Магілёва па вуліцы Лазарэнкі да каталіцкіх могілак у капліцу святога Антонія.


Прыгожы спеў і шчырая малітва жывога Касцёла разносіліся далёка па горадзе, гучна абвяшчаючы радасную вестку сваёй веры жыхарам усходняй сталіцы Беларусі.

Адметным характарам Эўхарыстычнай працэсіі сёлета стаў значны юбілей 750-годдзя горада Магілёва.


Як адзначыў у сваім слове на пачатку ўрачыстасці адказны за Магілёўскую частку Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, «гэтая ўрачыстасць з’яўляецца выразам удзелу каталіцкай супольнасці Магілёва ва ўсеагульным святкаванні яго юбілею і просьбай, каб усемагутны Бог праз свайго Сына, нястомна прысутнага сярод нас у табэрнакулюме, сёння асаблівым чынам паблагаславіў жыхароў Магілёва, свецкую ўладу, якая клапоціцца аб яго развіцці, і ўмацаваў сваёй ласкай на далейшыя гады жыцця і існавання».

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў прысутным святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за прыгожую падрыхтоўку ўрачыстасці, за жаданне кожнага яе ўдзельніка засведчыць свету, што Касцёл на Магілёўшчыне — жывы Касцёл, поўны надзеі і гатоўнасці ісці за Хрыстом, паказваючы шлях да Бога іншым.

«Вы не проста вернікі — Вы верныя вернікі і за гэта я вас вельмі цаню і шчыра люблю», — адзначыў біскуп.

Яна Шумская, фота Паўла Галімава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.