Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
7 незвычайных фактаў пра Эдварда Вайніловіча, у гонар якога хочуць перайменаваць сквер у Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.06.2017 17:58

Ён вучыўся ў Сарбоне, каб вярнуцца і развіваць Беларусь. Сталыпін называў яго «беларускім Бісмаркам».

Мінскія католікі ведаюць пра Эдварда Вайніловіча найперш як пра фундатара касцёла свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), які пабудаваў касцёл у гонар сваіх памерлых дзяцей — 12-гадовага Сымона і 19-гадовай Алены.

Чым яшчэ адметны Эдвард Вайніловіч, у гонар якога хочуць назваць сквер побач з Чырвоным касцёлам?

1. Выступаў за экуменізм

Эдвард Вайніловіч спрыяў будаўніцтву святыняў самых розных веравызнанняў. Калі ў 1905 годзе ён атрымаў дазвол на будаўніцтва касцёла на рагу вуліц Захар’еўскай і Трубнай у Мінску, то наўмысна абраў раманскі стыль архітэктуры:

«Я выбраў раманскі стыль, таму што яго росквіт прыйшоўся на эпоху, калі ўсходняя Царква заставалася ў адзінстве з Рымам, — пісаў Вайніловіч».


«Я не хацеў спыняцца на гатычным стылі, занадта палітазаваным будаўніцтвамі каталіцкіх святынь у Расіі, а па-другое, якія занадта адрозніваюцца ад праваслаўных святынь, якія ёсць у нашым краі і якія быццам падкрэсліваюць разыходжанні ў вераваннях», — пісаў фундатар.

Узвядзенне касцёла каштавала 300 рублёў (сёння — каля 12 млн долараў). Будаўніцтва завяршылі ў 1910 годзе.

Яго імя як мецэната ўвайшло ў гісторыю Беларусі, Расіі і Польшчы. З пачаткам Першай сусветнай вайны Вайніловіч аказваў падтрымку бежанцам і іншым ахвярам вайны.

«Ужо стагоддзе таму ён адчуваў патрэбу пошуку еднасці як паміж хрысціянамі, так і паміж вернікамі розных рэлігій, — апісвае вопыт Вайніловіча Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Для ажыццяўлення гэтай сваёй думкі Вайніловіч фінансаваў будову не толькі каталіцкіх святынь, але таксама праваслаўных, габрэйскіх і мусульманскіх. І гэта цэлае стагоддзе таму!»

2. Карэнны шляхціч

Эдвард Вайніловіч быў карэнным шляхцічам, пародненым са слуцкімі князямі Аляльковічамі, нясвіжскімі Радзівіламі, грушаўскімі Рэйтанамі і мінскімі Ваньковічамі.

Яго блізкія родзічы — кампазітар Станіслаў Манюшка і мастак Валенцій Ванковіч.
Эдвард Вайніловіч нарадзіўся ў 1847 годзе ў маёнтку Сляпянка пад Мінскам, якое тады належала Ваньковічам.

3. Ведаў беларускую мову і лічыў сябе беларусам

Пра гэта ў сваім даследаванні ў артыкуле «СБ. Беларусь сегодня» піша Адам Мальдзіс. Даследчык дэталёва вывучыў «Успаміны» Вайніловіча, выдадзеныя ў Вільні ў 1931 годзе.

У іх, верагодна, упершыню аўтар дваранска-шляхецкай мемуарнай літаратуры лічыць сябе беларусам.



«Род мой на мне завершыцца. Вядома толькі ўсім, што на спадчыне нашай не вісіць нічыя чалавечая крыўда, ніводная чалавечая слязінка. Для дакладнасці, аднак, павінен я адзначыць, што гэта быў род мясцовы, беларускі».

Вайніловіч валодаў беларускай мовай «аднолькава добра, як і польскай, і пастаянна выкарыстоўваў яе ва ўзаемаадносінах з сельскагапспадарчымі работнікамі ў сваім маёнтку».

4. Працаваў простарабочым на заводзе паравозаў ў Гановеры

Вайніловіч быў здольным да навукі. Ён з адзнакай скончыў кальвінскую гімназію ў Слуцку і без экзаменаў быў прыняты ў пецярбургскі Тэхналагічны ўніверсітэт, які таксама скончыў «на выдатна».

Пасля вучобы яго размяркоўваюць на Пуцілаўскі завод (сёння — Кіраўскі) у Пецярбург. Бацька выпускніла выступіў, аднак, за тое, каб сын працягнуў адукацыю ў Заходняй Еўропе. Спачатку Эдвард уладкоўваецца практыкантам на завод паравозаў Штраусберга ў Гановер як простарабочы.

Затым працуе машыністам паравозаў з Бруселя ў нямецкі Аахен. Пасля была праца на рамонтным заводзе паравозаў, пакуль не прыйшоў час вярнуцца дадому ў Савічы.

Праз пэўны час шляхціг працягнуў вучобу ў французскай Сарбоне і Каледжы дэ Франс, дзе вывучаў палітэканомію. Пасля вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Сілезіі.

5. Сустракаўся з Папам Рымскім Піем ІХ

У пачатку 1870-х Эдвард Вайніловіч наведваў Італію і атрымаў аўдыенцыю ў Папы Рымскага Пія ІХ, папярэдне прымаючы ўдзел у Імшы з Пантыфікам у Сіксцінскай капэле.

Слуга Божы Эдвард Вайніловіч зрабіў важны ўклад у развіццё міжканфесійнага дыялогу, што афіцыйна пацвярджаюць Дэкрэт пра экуменізм «Unitatis redintegratio» і Дэкларацыя пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій «Nostra aetate».

6. Заснаваў Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі

Скончыўшы вучобу ў сельгасакадэміі, у 1876 годзе Эдвард Вайніловіч засноўвае Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі.

Таварыства прынесла на беларускія землі новы эканамічны ўклад ў галіне сельскай гаспадаркі. Быў адкрыты крэдытны банк у Клецку, распрацавана гандлёвая сістэму амаль манапольных паставак зерня для царкай арміі, распрацавана трывалая сістэма страхавання і інш.

Актыўнае развіццё таварыства давала свой плён. Набірацца вопыту ў Мінск прыязджалі чыноўнікі з розных гарадоў, у тым ліку і Пётр Сталыпін, які называў Вайніловіча «мінскім Бісмаркам». Кажуць, пазней нават прапаноўваў пасаду міністра сельскай гаспадаркі ў Расійскай імперыі.

7. Перазахаваны ў Мінску

На сёння ў Касцёле ў Беларусі трывае беатыфікацыйны працэс Слугі Божага Эдварда Вайніловіча.

Ён памёр у польскім Быдгошчы. 11 чэрвеня 2006 года адбылося іх урачыстае перазахаванне ў касцёле свв. Сымона і Алены на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Беатыфікацыйны працэс фундадатара Чырвонага касцёла — першы ў гісторыі сучаснага Касцёла ў Беларусі. Раней беатыфікацыйныя і кананізацыйныя працэсы выхадцаў з Беларусі адбываліся за мяжой.

Чаму ў Мінску няма вуліцы Вайніловіча?

Да канца чэрвеня 2017 года стане вядома рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў аб перайменаванні сквера побач з Чырвоным касцёлам у гонар Эдварда Вайніловіча.

У 2007 годзе мінскія католікі ўжо звярталіся ў Мінгарвыканкам з просьбай аб перайменаванні вуліцы Берсана (за Чырвоным касцёлам) у вуліцу Эдварда Вайніловіча, які быў фундатарам Чырвонага касцёла ў Мінску. Тады такая вуліца ў сталіцы так і не з’явілася. Чаму?

Заканадаўчы парадак выглядае такім чынам, што ў выканкаме склікаюць адмысловую Камісію па найменаванні, перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска, якая разглядае заяву, адпраўляючы праект на грамадскае абмеркаванне жыхароў горада.

Таксама па тэме:

Пасля рэакцыі мінчан камісія збіраецца паўторна і прымае рашэнне. Станоўчы вердыкт пазней разглядае Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, які і выносіць канчатковае рашэнне.

Як патлумачылі Catholic.by у выканкаме, у выпадку з перайменаваннем вуліцы Берсана ў 2007 годзе быў парушаны заканадаўчы парадак, калі рашэнне камісіі не вынеслі на грамадскае абмеркаванне. Сёлета ж працэдура была выканана цалкам і цяпер справа аб наданні скверу імя Вайніловіча застаецца толькі за Мінгарсаветам.

Catholic.by будзе сачыць за развіццём падзей


(sb.by/cath/il)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.