Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выстава прац дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату ў Чырвоным касцёле |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.05.2009 20:59 |
24 мая 2009 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі для дзяцей, якія на працягу двух гадоў рыхтаваліся да гэтай падзеі. У гэты ж дзень у Чырвоным касцёле была арганізавана выстава прац дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Гэта вялікая ласка, калі дзеці могуць хадзіць у касцёл, вучыцца ў нядзельнай школе, весці актыўны лад жыцця. Але ёсць і іншыя дзеткі, якія не могуць нават хадзіць, або дзеткі, у якіх не рухаюцца ручкі. І вось у гэтую нядзелю Чырвоным касцёле была арганізавана выстава прац дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату. На адкрыцці выставы самі дзеці знаёмілі прысутных са сваімі працамі. А сярод іх — цудоўныя карціны, пано з бісера, пано з ніцяў, малюнкі на шкле. Адным з адметных твораў з’яўляецца карціна «Два сонейкі». Яе зрабілі са скуры дзве сястрычкі-блізняшкі. Адно сонейка — сапраўднае ў небе, а другое — сланечнік, які расце каля плота. Два сонейкі — дзве сястры, хворыя на параліч, а які радасны настрой нясе гэты малюнак! Аўтар іншай карціны ў подпісе да яе выказала мару, можна сказаць, усіх дзяцей, якія не могуць хадзіць: «Раньше я смотрела, как кот гуляет на лужайке..., а теперь кот смотрит, как гуляю Я!!!». Мара гэтай дзяўчыны споўнілася — яна крыху стала хадзіць на мыліцах — і колькі шчасця! Якія яны мужныя — гэтыя маленькія сапраўныя змагары! Багата на выставе былі прадстаўлены і вырабы з бісера: дрэвы, карціны, кампазіцыі. Са сваімі творамі нас пазнаёміла юная мастачка Маша Ліс. У Машы ёсць сястрычка Валерыя, якая таксама хворая, але яны разам займаюцца ў мастацкай студыі. Была прадстаўлена сапраўдная галерэя талерак, на якіх — пейзажы і архітэктура Мінска, у прыватнасці, Чырвоны касцёл. Выявы выкананы маслам або зроблены метадам чаканкі. Аўтары ўсіх гэтых прац — гэта таленавітыя дзеці, якім дарослыя дапамагаюць не ўпасці ў журбу. І хто ведае, можа, нават больш бацькам неабходна прызнанне іх дзяцей роўнапраўнымі членамі грамадства. Бацькі, нераўнадушныя, актыўныя, захопленыя ідэяй паказаць і даказаць, што дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі маюць права на прызнанне, усімі сіламі прычыняюцца да таго, каб падтрымаць талент дзяцей, арганізаваць выставы, знайсці ахвярадаўцаў для набыцця матэрыялаў і абсталявання класаў і майстэрні. Упэўніцца ў гэтым маглі ўдзельнікі выставы, арганізаванай у Чырвоным касцёле. Таксама ўпершыню адбыўся артыстычны дэбют тэатральнай студыі дзяцей, якія перасоўваюцца ў інвалідных калясках. У дольнай частцы касцёла быў прадстаўлены спектакль «Паласатая гісторыя». Па словах кіраўніка арт-студыі «Откровение» Вольгі Стэфняк, дзецям неабходна прызнанне і кантакт, каб яны ведалі, што яны не адны ў гэтым свеце са сваімі хваробамі. Гэтай студыі, якая дзейнічае як аматарскі рух, ужо амаль два гады. Дарослыя, дзеці якіх маюць парушэнні апорна-рухальнага апарату, дапамагаюць як валанцёры. Студыя мае свой невялікі камп’ютэрны клас і майстэрню. Нават патрымаць дзіцяці дамапожныя матэрыялы, калі яны працуюць, альбо перавесці з класа ў клас — гэта таксама вялікая праца, якая патрабуе і часу і душэўных сілаў. Знаёмства і прэзентацыя арт-студыі «Откровение» суправаджаліся святочнай праграмай з удзелам дзіцячых і моладзевых калектываў: навучэнцы філіяла музычнай школы № 19 для дзяцей з парушэннем зроку, падлеткавы тэатр-студыя «Азірніся навокал», бас-гітарыст групы «Новы Іерусалім» Ігар Сарокін, рэп-група «Честное слово». Гэтыя калектывы сабралі вакол касцёла шмат гледачоў. Падобныя выставы будуць арганізоўвацца ў школах Мінска і Мінскай вобласці. Аўтары творчых прац будуць праводзіць майстар-класы. Шмат задач, мараў, а галоўнае —намаганняў кіраўнікоў, валанцёраў і прыхільнікаў арт-студыі. Нездарма іх дэвізам з’яўляюцца словы Эрыха Марыі Рэмарка: «Что может дать один человек другому, кроме капли тепла? И что может быть больше этого?». Выстава карцін і пано будзе адчынена ў дольнай зале Чырвонага касцёла да наступнага панядзелка — 1 чэрвеня. Наведвальнікі выставы могуць падзяліцца сваімі водгукамі і прапановамі з кіраўніком арт-студыі «Откровение» Стэфняк Вольгай па тэлефоне: +375 (29) 643 32 26 Ала Невяровіч Фота аўтара |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.