Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстая працэсія і начная літургія ў Будславе |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
02.07.2009 04:54 |
Адной з цэнтральных падзей урачыстасцяў, прысвечаных Маці Божай Будслаўскай, стала святая Імша ў 24.00, якой папярэднічала працэсія з запаленымі свечкамі. Адметнасцю сёлетняй працэсіі стала тое, што яе удзельнікі неслі тры абразы, а не адзін, як звычайна: абраз Маці Божай Будслаўскай, Езуса Міласэрнага і благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі. Гэта звязана з тым, што ўжо трэці месяц у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. І менавіта ў гэтыя святочныя для Будслава дні, з 1 па 2 ліпеня, яны будуць знаходзіцца ў нацыянальным санктуарыі. На заканчэнне працэсіі абразы былі змешчаны на галоўным алтары, пасля чаго распачалася святая Імша. Літургію цэлебраваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ва ўрачыстым набажэнстве прынялі ўдзел біскупы, шматлікія святары, законнікі і законніцы, а таксама ўсе вернікі, якія прыехалі або прыйшлі ў пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай. У сваёй гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч акцэнтаваў увагу на перэгрынацыю абраза Езуса Міласэрнага. У сваіх разважаннях, арцыпастыр, між іншым, адзначыў: «Хрыстус абяцаў нам збаўленне. Тым, хто ўшаноўвае абраз Езуса Міласэрнага, Ён абяцаў, што яны не загінуць, і таму, не парушаючы нашай свабоды, з абраза Ён ідзе да нас, прамаўляе праз нашае сумленне і ставіць на нашым жыццёвым шляху спаведніка. Калі мы не памятаем пра Яго, то Ён заўсёды памятае пра нас. У небе, калі можна так сказаць, увесь час трывае акцыя пад „дэвізам“ „Тваё збаўленне“. За нас заступаюцца ўсе святыя і анёлы. Таму выява Езуса на абразе не статычная. Ён накіроўваецца да нас. Нам застаецца толькі кінуцца ў Ягоныя абдымкі», — падкрэсліў Мітрапаліт. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў усіх вернікаў даканца даверыцца Богу, бязмежнаму ў сваёй міласэрнасці, як адзінай надзеі свету і кожнага з нас, «каб стаўся цуд перамены нашага жыцця». Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>
Фота М. Новікава |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.