26 ліпеня, другі дзень малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы, распачаўся Гадзінкамі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. А 10-й гадзіне пачалася святая Імша з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У пачутым урыўку з Евангелля распавядаецца пра цуд суцішэння буры на Галілейскім возеры. Цікавасць у ім выклікае не толькі незвычайная падзея, але паводзіны і адчуванні апосталаў падчас буры, іх недавер да Хрыста — пра гэта разважаў у гаміліі падчас святой Імшы, спалучанай з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
«Апісаная ў Евангеллі бура на возеры — гэта характэрны вобраз нашага жыцця, якое падобна да плавання на моры. Слабы, можа, ужо не з аднойчы прабітым і потым заклееным дном, човен нашага жыцця плыве да берагоў вечнасці. Там ёсць Бог — мэта нашага жыцця. Аднак мы плывём праз бурнае і неспакойнае мора. Як няма неба без хмараў, так і няма мора без хваляў. Жыццё чалавека — гэта дарога праз хвалі і буры, няшчасці і цярпенні», — адзначыў арцыпастыр. І дадаў: «Караблём нашага жыцця кіруе сам Бог. Таму трэба памятаць, што менавіта Ён, а не хто іншы, кіруе морам, вятрамі і бурамі, кіруе ўсім светам. Чаго ж нам тады баяцца?»
Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>
«Сёння многія з вас прымуць сакрамэнт канфірмацыі, як сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Івянец сёння становіцца Пяцідзесятніцай нашага часу. Падобна таму, як Святы Дух змяніў апосталаў з баязлівых на мужных вызнаўцаў Хрыста, так сёння ён змяняе і нас. Трэба толькі дазволіць Яму дзейнічаць у нашых сэрцах, а Ён іх зменіць, каб праз нас змяніць духоўнае аблічча нашай зямлі, што і з’яўляецца ўмоваю будовы шчаслівага жыцця», — падкэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч.
У гэты дзень завяршылася перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, таму быў зачытаны акт прысвячэння моладзі бязмежнай Божай міласэрнасці. Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што вельмі сімвалічным з'яўляецца тое, што апошняя сустрэча Езуса Міласэрнага адбылася менавіта з моладдзю. «Бог чакаў вас, і вы да яго прыйшлі», — звярнуўся да моладзі арцыпастыр.
Пасля абраз Езуса Міласэрнага накіраваўся ў мінскі касцёл святых Сымона і Алены, дзе будзе знаходзіцца да 23 жніўня гг., дня афіцыйнага завяршэння перэгрынацыі. Напрыканцы Імшы Мітрапаліт падзякаваў усім арганізатарам сустрэчы, а таксама моладзі за ўдзел у супольнай малітве і выказаў надзею на сустрэчу ў наступным годзе.
Святлана Бурлевіч
Фота Ул. Валадзько
|