Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
25.07.2009 00:15 |
Святой Імшой ў 18.00 24 ліпеня 2009 г. распачалася малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы. Напачатку літургіі пробашч парафіі а. Лех Баханэк OFM прывітаў моладзь, якая прыехала на малітоўную сустрэчу, а таксама ўдзельнікаў «музычнай майстэрні». Святую Імшу ў інтэнцыі ўсёй моладзі Беларусі ўзначаліў ксёндз пралат Эдмунд Даўгіловіч.
«Святая Імша ― цэнтр хрысціянскага жыцця» ― пра гэту таямніцу веры разважаў падчас гаміліі кс. Юрый Санько.
Сапраўды, ― гэта тое, на што накіравана наша вера і без чаго яна не магчыма. Таму вельмі сімвалічна, што сёлетняя сустрэча (прысвечаная тэме хросту і канфірмацыі) распачалася галоўным сакрамэнтам, да якога вядуць усе іншыя.
Кс. Юрый, кажучы пра структурныя часткі Імшы, вылучыў тыя моманты, якім перш за ўсё неабходна надаваць асаблівую ўвагу: інтэнцыя (з якой мы ідзём на сустрэчу да Хрыста), ахвяраванне дароў, перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Збаўцы і благаслаўленне (праз якое Хрыстус пасылае нас абвяшчаць Добрую Навіну і быць сапраўдным яго сведкам і вучнем).
«Святая Імша ― гэта два сталы: стол Божага Слова і стол Эўхарыстыі. Гэта слова жывое: Бог сёння і цяпер прамаўляе да кожнага з нас. Толькі пасля таго, як мы з’яднаемся з Езусам Хрыстом праз Яго слова, мы можам прыняць Яго жывое Цела ў святой Камуніі. Таму неабходна памятаць пра належную духоўную падрыхтоўку да святой Імшы, што дапаможа ўсвядоміць гэту вялікую таямніцу веры», ― адзначыў кс. Юрый Санько.
Святая Імша стала першым пунктам праграмы малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы. Усё яшчэ наперадзе. А пакуль арганізатары сустрэчы дадаюць апошнія штрыхі.
Сёння ўвечары моладзь яшчэ чакае канцэрт удзельнікаў «Музычнай майстэрні». Заўтра праграма сустрэчы распачнецца ў 9.00. Святлана Бурлевіч
Фота Э. Часноўскай
|