Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску адбылася агульнабеларуская сустрэча святароў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.08.2009 22:37

4 жніўня 2009 г. паводле рашэння, прынятага іерархамі на 40-ым Пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася першая агульнабеларуская сустрэча святароў.

Малітоўнае мерапрыемства, якое праходзіла ў дзень успаміну апекуна святароў св. Яна Марыі Віянэя, было прымеркавана да Года святарства, абвешчанага ў паўсюдным Касцёле папам Бэнэдыктам XVI.

Упершыню святары з усіх дыяцэзій Беларусі сабраліся разам, каб супольна памаліцца ў інтэнцыі ўмацавання ў сваім пакліканні да асаблівага служэння Богу.

Распачалася сустрэча Літургіяй гадзін, якую іерархі, святары, законнікі і законніцы прачыталі разам з вернікамі, просячы ў Бога праз заступніцтва св. Яна Віянэя аб палымяным жаданні служыць справе збаўлення.

Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту папярэднічала канферэнцыя на тэму святарства, якую падрыхтаваў кс. Уладзімір Гуляй, выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Звяртаючыся да братоў у святарстве, прамоўца падкрэсліў, што іх пакліканне з’яўляецца таямніцай і заданнем. Дакладчык звярнуў увагу на неабходнасць бясконцага шукання святаром мудрасці, імкнення да пазнання Найвышэйшага, а таксама захаплення святарствам Хрыста.

Поўны тэкст даклада >>>

Кульмінацыйным пунктам праграмы агульнабеларускай сустэчы святароў стала ўрачыстая святая Імша з удзелам усіх беларускіх іерархаў, шматлікіх святароў і законнікаў, а таксама прадстаўнікоў Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Святую Эўхарыстыю ўзначаліў кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі.

Шматлікія вернікі прыйшлі ў гэты дзень на агульнабеларускую сустрэчу святароў, каб глыбей зразумець тое, што не паддаецца чалавечаму разуменню — таямніцу святарства. Люд верны жадаў быць побач са сваімі святарамі, маліцца за іх, прасіць аб умацаванні ў пакліканні. Кожнаму верніку ёсць за што падзякаваць святару, а значыць — Богу. Падзякаваць найперш за тое, што паклікаў яго і даў адважнае сэрца, каб адказаць на гэтае пакліканне і годна крочыць па яго шляхах.

На працягу ўсёй сутрэчы з абараза Езуса Міласэрнага, перэгрынацыя якога адбываецца па парафіях архідыяцэзіі, усім прысутным благаслаўляў Езус-Першасвятар.

 

Фота М. Новікава, В. Кучаравага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.